Мілінкевіч расказаў, што беларусы могуць даць Еўропе

«Гэта мы зробім без складаных рэформаў».

12.07.2024 / 10:39

У новым выпуску ТОКу ў экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча пацікавіліся, што беларусы могуць даць Еўропе. Палітык назваў некалькі рэчаў.

Першая з іх — гэта бяспека.

«Зразумела, што дэмакратыя, правы чалавека, эканоміка — добра. І трэба дапамагаць. Але яны (еўрапейскія краіны. — «НН») пра бяспеку думаюць. І якраз дыктатуры — самае небяспечнае з таго, што ёсць. Цяпер ужо ўсе гэта разумеюць. Нават прыхільнікі цвёрдай рукі. Яны разумеюць, што дыктатура — гэта вечная небяспека.

І таму мы ім цікавыя, каб зрабіць яшчэ адну тэрыторыю, якая будзе бяспечная для жыцця ў Еўропе. Вось бяспеку мы зробім, калі будзем рабіць рэформы, жыць па законе. Гэта мы зробім дакладна, без складаных рэформаў».

Акрамя гэтага палітык лічыць, што Беларусь павінна адкрыцца як транзітная краіна — «якая б ні была Расія».

Трэцяе, што беларусы могуць даць Еўропе, гэта ІТ-сфера.

«У нас каласальны патэнцыял ІТ. Усе ведаюць нашу ІТ-школу, хоць нехта з настаўнікаў і выехаў», — сцвярджае Мілінкевіч.

Палітык адзначае таксама, што Еўропа хацела б, каб у будучым Беларусь дапамагала мяняць Расію — рабіць яе больш дэмакратычнай і еўрапейскай.

Глядзіце цалкам:

Мілінкевіч назваў тры задачы Масквы на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі

Мілінкевіч пра свае дыялогі з Макеем: Ён адназначна быў за незалежнасць і беларускасць

Мілінкевіч: Кепска, што Ціханоўская не разумела, чый Крым. Але яна прайшла эвалюцыю

Nashaniva.com