Левая кааліцыя атрымала перамогу на выбарах у Францыі. Ультраправыя — на трэцім месцы

Пры гэтым ніводнай палітычнай сіле не ўдалося атрымаць большасці ў парламенце.

08.07.2024 / 07:20

Louise Delmotte / AP

Кааліцыя левых партый «Новы народны фронт» (NPF) атрымала перамогу ў другім туры парламенцкіх выбараў у Францыі і атрымала 182 месцы ў Нацыянальным сходзе, сведчаць афіцыйныя даныя МУС краіны, піша Бі-бі-сі.

Другое месца заняла цэнтрысцкая кааліцыя «Разам» прэзідэнта Эмануэля Макрона (168 месцаў), трэцяе — ультраправае «Нацыянальнае аб'яднанне» (RN) Марын Лё Пен і Жардана Бардэла, якое атрымала 143 месцы. Яўка на выбарах склала 66,63%.

Пры гэтым ніводнай палітычнай сіле не ўдалося атрымаць большасці ў парламенце.

У Нацыянальным сходзе засядаюць 577 дэпутатаў, для большасці неабходна 289 месцаў.

«Нацыянальнае аб'яднанне» заняло першае месца па выніках першага тура і спадзявалася на высокі вынік падчас нядзельнага галасавання, аднак перад другім турам левыя і прыхільнікі Макрона аб'ядналі намаганні, каб прадухіліць перамогу ўльтраправых.

«Ганебныя саюзы перашкодзілі французам атрымаць палітыку, накіраваную на аднаўленне краіны«, — заявіў, каментуючы вынікі галасавання, лідар «Нацыянальнага аб'яднання» Жардан Бардэла.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прызначыў датэрміновыя выбары ў пачатку чэрвеня пасля перамогі французскіх ультраправых на выбарах у Еўрапарламент.

«Мы засмучаныя, расчараваныя, здзіўленыя гэтым вынікам», — сказала Роза, прыхільніца «Нацыянальнага аб'яднання», трымаючы ў адной руцэ французскі сцяг, а ў другой амаль пусты келіх шампанскага.

«Мы сталі ахвярамі несумленнага альянсу, які ўзначальвае Макрон, каб не дапусціць нас да ўлады».

У штаб-кватэры партыі панавала поўная цішыня, калі з'явіліся першыя прагнозы і стала зразумела, што чаканні не апраўдаліся, і партыю адкінула на трэцяе месца.

Прысутныя апладзіравалі Жардану Бардэла — лідару партыі, які заявіў прыхільнікам, што рана ці позна перамога будзе за імі. Марын Лё Пен віталі крыкамі «Марын, прэзідэнт».

«Мы павінны працягваць нарошчваць нашу падтрымку. І 2027 год-наступныя прэзідэнцкія выбары — будзе нашым», — сказаў адзін з прыхільнікаў партыі.

У другім туры парламенцкіх выбараў у Францыі ў лідары нечакана выбіліся левыя

Францыя галасуе на парламенцкіх выбарах: ці прыйдуць да ўлады ультраправыя?

Nashaniva.com