Сілавік, які здзекваўся з затрыманых у Мінску пасля выбараў: Ну, б***ь, мала даваў

Блогер Андрэй Павук пазваніў сілавіку, які, як сведчаць пацярпелыя, датычны да катаванняў у Маскоўскім РУУС Мінска. Фрагмент размовы паказалі на «Белсаце».

07.07.2024 / 20:27

Скрыншот перадачы «Шухер-шоу» на «Белсаце»

Нядаўна Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі выпусціў расследаванне пра тое, што адбывалася ў Маскоўскім РУУС Мінска 9-13 жніўня 2020 года і хто датычны да збіцця людзей.

Адзін з фігурантаў гэтай справаздачы — сілавік Дзмітрый Андросаў, у 2020-м ён быў супрацоўнікам ППС. Па расказах пацярпелых, з 9 па 10 жніўня 2020 года ён быў у Маскоўскім РУУС і здзекваўся з затрыманых. Павук пазваніў яму і прадставіўся старым знаёмым.

Калі блогер запытаў пра падзеі тых дзён, Дзмітрый адрэагаваў толькі:

«Ну, б***ь, мала даваў».

Павук сказаў сілавіку, што вось-вось у інтэрнэце выйдзе матэрыял пра тое, што тады было ў РУСС. Андросаў спытаў, што пра яго там напісана, і ўсё смяяўся.

«Калі пабачыш хутка фільм па сябе, не хвалюйся», — кажа яму блогер.

«Я ў масцы быў», — адказвае Андросаў.

А пасля прыходзіць да высновы, адкуль жа ўсплыла яго імя:

«Хтосьці здаў, на*. Са сваіх, на*».

Але сілавік супакойвае сябе:

«Ды і калі гэта было? Ужо няпраўда. Хутка 2025-ты пачнецца».

Nashaniva.com