Мілінкевіч пра атручанне ў студыі БТ: Не сумняюся, што Домашу далі які-небудзь «Навічок»

У новым выпуску ТОКу Аляксандр Мілінкевіч згадаў загадкавыя абставіны пагаршэння здароўя свайго прэтэндэнта на выбарах-2001 Сямёна Домаша, у якім бачылі рэальнага канкурэнта Лукашэнку.

07.07.2024 / 15:04

Сямён Домаш быў адным з патэнцыйных кандыдатаў ад апазіцыі на выбарах 2001 года

Мілінкевіч згадвае, што менавіта Сямён Домаш запрасіў яго ў палітыку, калі ў 1990-м годзе стаў мэрам Гродна:

«Ён прапанаваў стаць намеснікам. Я не хацеў. Сказаў, што не ўмею праводзіць планёркі. Домаш адказаў, што гэта не важна, ён усяму навучыць. «Нам патрэбны дэмакрат у гродзенскім урадзе». Гэта фраза, якая кажа пра чалавека».

Згадваючы падзеі 2001 года, Мілінкевіч адзначае:

«Калі б ён стаў адзіным кандыдатам, гэта быў бы самы рэальны кандыдат на выйгрыш у Лукашэнкі. Махлярства [на выбарах] яшчэ было мала. А ў Домаша была падтрымка рэгіянальных супольнасцяў. Мы мелі штабы ў амаль ста гарадах».

Але, як заўважае Мілінкевіч, «не сумленна спрацавала схема», і адзіным кандыдатам быў абраны кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык.

У час перадвыбарчаў кампаніі з Сямёнам Домашам адбыўся дзіўны выпадак. Кандыдат прыйшоў на тэлебачанне для запісу звароту, а пасля яму стала дрэнна. Хадзілі чуткі, што Домаша спрабавалі атруціць. Згадваючы гэты выпадак, Мілінкевіч сказаў:

«Я сёння не сумняваюся, што Домашу далі які-небудзь «Навічок».

@tokbelarus Мілінкевіч пра атручанне ў студыі БТ #экономика #политика #объяснение #лукашенко #чиновники #беларусь ♬ Last Hope (Over Slowed + Reverb) - Steve Ralph

Таму што цэлыя інстытуты ёсць у Расіі, дзе распрацоўваюць рэчывы, якія калі вып'еш, то ў цябе імгненна інфаркт. А сляды гэтага інфаркту менш чым за суткі знікаюць.

Ён пайшоў на тэлебачанне. Яму прынеслі ваду. Прычым не афіцыянтка, а шэф тэлебачання. Домаш выпіў, а вечарам пасля запісу яму стала абсалютна дрэнна з сэрцам.

Мы не рызыкавалі яго лячыць у Беларусі, селі ў машыну і павезлі ў Кракаў. Прафесар, які рабіў паспяховую аперацыю, сказаў, што гэта не натуральны інфаркт пры такім стане здароўя. У Домаша ціск 120 на 80 заўсёды быў. Ён пастаянна займаўся фізкультурай, спортам.

Я ўпэўнены, што яму далі нешта. Чаму? Ён мог стаць лідарам аб'яднанай апазіцыі пасля выбараў 2001 года. І гэта быў бы зусім іншы апазіцыйны ландшафт».

Мілінкевіч заўважыў, што Домаш быў зламаны сітуацыяй 2001 года.

«Ён разумеў, што адбылася несправядлівая рэч. Не так, як дамаўляліся. Мы яго ўгаварылі застацца ў палітыцы. У нас была «Гродзенская ініцыятыва», а потым аб'яднанне «Рэгіянальная Беларусь». Але ў яго імпэт значна аслаб. Ён пайшоў і стаў дырэктарам завода і больш палітыкай не займаўся».

Сямён Домаш памёр раніцай 9 лютага 2019 года за рулём сваёй машыны ў Гродне.

Глядзіце цалкам:

Кандыдат на ролю збаўцы (Беларусь шукае чалавека, якому па сілах будзе адолець яе мінулае)

Мілінкевіч: Кепска, што Ціханоўская не разумела, чый Крым. Але яна прайшла эвалюцыю

«І перад Захадам, і перад намі паўстане маральны выбар: ці сядаць з дыктатурай за стол перамоў» — Мілінкевіч

З улады — у апазіцыю, а потым назад. Якія палітыкі і актывісты кардынальна змянялі свае погляды

Nashaniva.com