Дактары з Туркменістана, швачкі з Непала. Работнікаў з якіх краін актыўна прыцягвае Беларусь
У Беларусі ўжо год дзейнічаюць спрошчаныя правілы для ўезду замежніх работнікаў. МУС падзялілася статыстыкай за 2023 год.
06.07.2024 / 19:02
Ілюстрацыйны здымак. Фота: пасольства Туркменістана ў Беларусі
У Беларусь у 2023 годзе прыехалі 9,5 тыс. замежных працаўнікоў з краін, якім патрабуецца праходзіць легалізацыю. І яшчэ 3,9 тыс. — з Еўразійскага эканамічнага саюза, пішуць «Белорусы и рынок».
Гэтая лічба большая за значэнне папярэдняга года (10,7 тыс.), яна вырасла за кошт краін па-за ЕАЭС — адтуль прыехала на 2,6 тыс. чалавек больш. Тым не менш, колькасць гастарбайтараў усё яшчэ моцна адстае ад 2019-2020 гадоў, калі ў краіну прыбывала каля 17 тыс. чалавек.
Каго ўдалося прыцягнуць?
У 2023 годзе, як і ў папярэднія перыяды, на першым месцы па колькасці прыезджых работнікаў стаяць расіяне, а на другім — кітайцы. Апошніх у 2022 годзе заехала 2 тыс., а ў 2023 — ужо 2,4 тыс.
У тройку лідараў прабіўся Туркменістан — 2087 людзей, якія прыехалі, у той час як годам раней іх было толькі 808. Гэта значыць, туркменаў прыехала ў 2,5 разу больш. Гэтая краіна выцесніла з топ-3 Украіну, хоць з апошняй прыток людзей таксама вырас — на 100 чалавек, да 1,4 тыс.
Значная колькасць імігрантаў прыехала таксама з:
- Узбекістана — 925 (супраць 750 у 2022 годзе)
- Азербайджана — 338 (268 у 2022-м)
- Таджыкістана — 366 (200)
- Арменіі — 266 (333)
- Казахстана — 281 (322).
Больш за сотню прыбыло з Кыргызстана, Малдовы і Непала. Астатнія краіны прадстаўленыя дзясяткамі і адзінкамі прыезджых.
Надзеі ўладаў на бязвізавы рэжым, які быў закліканы прадэманстраваць жыхарам суседніх дзяржаў прывабнасць Беларусі як краіны для жыцця і працы, не апраўдаліся. З Польшчы летась прыехала ўсяго 75 чалавек, з Літвы — 80, з Латвіі — 84.
Якога ўзроўню спецыялісты?
Па родзе дзейнасці асобы, якія прыбылі ў 2023 годзе, размеркаваліся так:
Графіка: «Белорусы і рынок»
Большасць тых, хто прыехаў з Кітая і Украіны, сталі рабочымі і кваліфікаванымі спецыялістамі, пры гэтым Кітай лідзіруе ў опцыі кіраўнікоў — 177 чалавек, а ўкраінцы — па колькасці сельгасрабочых (174). Прыезджыя з Туркменістана ў большасці сталі работнікамі сферы абслугоўвання (амаль 400 чалавек) і рабочымі (287).
Ці закрылі дэфіцытныя вакансіі?
З ліпеня да канца 2023 года ў Беларусі дзейнічаў пералік прафесій ад Мінпрацы, па якіх не трэба атрымліваць спецдазвол, каб працаўладкавацца ў Беларусі. Ён складаўся з 10 прафесій, самых запатрабаваных рынкам працы.
МУС прыводзіць звесткі, колькі іншаземцаў скарысталася гэтай магчымасцю. Усяго па гэтай схеме было працаўладкавана 580 чалавек, большасць з якіх (273) стала кіроўцамі. Пры гэтым 187 пазіцый кіроўцаў занялі туркмены.
Па астатніх спецыяльнасцях набор быў наступны:
- швачка: 65 іншаземцаў (з іх большасць склалі выхадцы з Непала — 32 чалавекі),
- інжынер: 58 іншаземцаў (з іх 27 чалавек кітайцаў),
- трактарыст: 47 (з іх 11 украінцаў і 10 узбекаў),
- лекар: 46 (з іх 26 туркменаў),
- медбрат: 38 (з іх 18 туркменаў),
- слесар: 33 (10 расіян і 9 туркменаў),
- электрык: 8 (Узбекістан і Украіна),
- ветэрынар: 6 (Малдова і Украіна),
- фельчар: 5 (Туркменістан).
Хто будзе лячыць беларусаў? Улады мяняюць нелаяльных беларускіх медыкаў на мігрантаў
Колькі сапраўды зарабляюць беларускія дактары? Спыталі ў іх
Бальніцы ў Беларусі закрываюцца, але лекараў стала больш