«Я кірую гэтым светам» — Байдэн
Што яшчэ казаў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у першым інтэрв'ю пасля дэбатаў з Трампам.
06.07.2024 / 19:31
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Фота: AP
У інтэрв’ю тэлеканалу ABC у Джо Байдэна спыталі, ці праходзіць той рэгулярныя кагнітыўныя тэсты і ці гатовы прайсці незалежнае медыцынскае абследаванне, якое затым будзе паказана грамадскасці.
У адказ прэзідэнт ЗША заявіў, што яго штодзённая прэзідэнцкая дзейнасць замяшчае любыя кагнітыўныя тэсты, «бо ён кіруе светам».
«Усё, што я раблю кожны дзень, і ёсць мой кагнітыўны тэст. Я не толькі вяду перадвыбарчую кампанію, але і кірую светам. Не, гэта не перабольшанне, бо мы найважнейшая нацыя ў свеце», — адказаў Байдэн.
Прэзідэнт ЗША дадаў, што толькі ён зможа ўтрымліваць НАТА аб'яднаным і паспяхова стрымліваць Кітай у Ціхаакіянскім рэгіёне, а яго супернік Дональд Трамп «усё сапсуе».
Апроч гэтага Байдэн выказаў упэўненасць, што на яго наступны прэзідэнцкі тэрмін выпадзе пераломны момант, які вызначыць будучыню планеты амаль на стагоддзе наперад.
«Я думаю, што Злучаныя Штаты і ўвесь свет знаходзяцца ў пераломным моманце. Тое, што адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі гадоў, вызначыць, якімі будуць наступныя шэсць-сем дзесяцігоддзяў», — падагульніў сваю прамову Байдэн.
Нагадаем, што ў гэтым жа інтэрв'ю Джо Байдэн заявіў, што выйдзе з перадвыбарнай гонкі толькі «па ўказанні Усявышняга».
Байдэн таксама сказаў, «што ніхто не валодае найлепшымі звесткамі, чым ён, каб быць прэзідэнтам або атрымаць перамогу ў прэзідэнцкай гонцы».
А свой слабы выступ тыдзень таму на дэбатах з Дональдам Трампам, які таксама прэтэндуе на пасаду прэзідэнта ЗША, Байдэн растлумачыў прастудай і стомай.
Лукашэнку стала дрэнна на саміце ШАС у Казахстане — Дождь
Марын Лё Пэн абяцае адмяніць дазвол Украіне біць французскай зброяй па Расіі