Марын Лё Пэн абяцае адмяніць дазвол Украіне біць французскай зброяй па Расіі
«Калі Макрон хоча адправіць войскі ва Украіну, а прэм'ер супраць гэтага, апошняе слова за прэм'ерам», — сказала Лё Пэн.
06.07.2024 / 12:35
Марын Лё Пэн. Фота: Thibault Camus / AP
Дэ-факта лідар ультраправай партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» Марын Лё Пэн паабяцала, што прэм'ер ад яе партыі ў выпадку прыходу да ўлады пасля другога тура парламенцкіх выбараў не дазволіць Украіне выкарыстоўваць французскую дальнабойную зброю для нанясення ўдараў па Расіі. Пра гэта Марын Лё Пэн сказала ў інтэрв'ю CNN, піша «Еўрапейская праўда».
Паводле яе слоў, акрамя пасылання французскіх войскаў, якое дапускаў прэзідэнт Эманюэль Макрон, дазвол Кіеву на выкарыстанне французскіх ракет далёкага радыусу дзеяння на тэрыторыі Расіі таксама будзе адменены.
Яна адзначыла, што адзінай «чырвонай лініяй» у дачыненні да Украіны з'яўляецца недапушчэнне таго, каб Францыя стала «ваюючым бокам» у вайне з-за выкарыстання гэтых ракет, якія дае Парыж, супраць цэляў на тэрыторыі РФ.
«Калі Эманюэль Макрон хоча адправіць войскі ва Украіну, а прэм'ер-міністр супраць гэтага, то войскі не будуць адпраўленыя ва Украіну. Апошняе слова за прэм'ерам», — сказала Лё Пэн.
У сваю чаргу фармальны лідар «Нацыянальнага аб'яднання» Жардан Бардэла заявіў, што ў выпадку прыходу яго палітычнай сілы да ўлады ён не дазволіць Расіі «паглынуць Украіну».
Таксама Бардэла запэўніваў, што гатовы супрацьстаяць Расіі, калі ён стане прэм'ер-міністрам пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў.
Вынікі апошніх двух апытанняў у Францыі прагназуюць, што правапапулісцкае «Нацыянальнае аб'яднанне» ўсё ж не атрымае абсалютнай большасці ў Нацыянальнай асамблеі па выніках другога тура парламенцкіх выбараў 7 ліпеня.
Правапапулісцкае «Нацыянальнае аб'яднанне» і іх паплечнікі набралі больш за 33% галасоў у першым туры датэрміновых парламенцкіх выбараў у Францыі 30 чэрвеня.
Марын Лё Пэн: Калі мы сфармуем урад, французскіх вайскоўцаў ва Украіне не будзе
Кіраўнік партыі Марын Лё Пен выступіў за пастаўкі Кіеву боепрыпасаў
Французскія ультраправыя ціха выдалілі прапановы па паглыбленні супрацоўніцтва з Расіяй
На парламенцкіх выбарах у Францыі перамагаюць ультраправыя з Марын Лё Пэн. Партыя Макрона трэцяя