Івулін збірае беларусаў Варшавы на прагляд фінала Еўра — вось як можна далучыцца
Галоўны матч сёлетняга Еўра пачнецца 14 ліпеня а 22-й па беларускім часе. Тыя, хто ў Варшаве, змогуць паглядзець яго пад беларускамоўны каментар ад блогераў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі – і гэта яшчэ не ўсе цікавосткі.
05.07.2024 / 16:19
Фота: архіў Аляксандра Івуліна
Паводле словаў Івуліна, футбольны фэст ад яго і Пісарэнкі — унікальная магчымасць для беларусаў замежжа паглядзець фінал Еўра з каментаром на роднай мове:
«Акрамя самога футболу, які мы з Ярыкам будзем каментаваць па-беларуску, там будзе сапраўднае фестывальнае свята. Можна будзе згуляць у настольны футбол, FIFA, пачыліць, з’есці нейкую шаўрму ці блінцы. У нас будзе магчымасць нефармальна паразмаўляць за футбольчык са мной, з Алегам Дулубам, Мікітам Мелказёравым і Ярыкам Пісарэнкай, яшчэ плануем квіз пра спорт ад нашых сяброў».
Акрамя гэтага, на фэсце будзе дабрачынны аўкцыён — разыграюць рэчы са спартовага свету, а грошы, заробленыя праз аўкцыён, ахвяруюць на дабрачыннасць.
Хлопцы ўжо не ў першы раз ладзяць трансляцыю з каментаром па-беларуску — пачыналі з 20-40 чалавек, а цяпер арандавалі для падзеі пляцоўку на 200-250 гледачоў у Варшаве. Аляксандр кажа, што бачыць попыт на такія мерапрыемствы. Што да таго, які матч у выніку давядзецца каментаваць, Івулін робіць такі прагноз:
«У фінале дакладна згуляе пераможца матчу паміж Іспаніяй і Германіяй, бо гэта дзве самыя яркія і стабільныя каманды гэтага Еўра. Мне здаецца, атрымаўся б вельмі прыгожы фінал, каб там згулялі адразу дзве гэтыя каманды. Таксама ўсё добра складваецца ў зборнай Англіі, і яна можа трапіць у фінал».
Зарэгістравацца на падзею і набыць квіткі можна тут.
«Азаронак бранябойна стаяў, а Пуставы паплыў». Івулін пра гісторыю ў мінскім метро