Японцы патрабуюць адмяніць гульню пра чарнаскурага самурая
Петыцыю з патрабаваннем адмяніць чарговую частку папулярнай серыі Assassin's Creed масава падпісваюць заходнія ўльтраправыя. У дыскусіі вакол гульні адзначыўся і Ілан Маск. Але ў саміх японцаў прэтэнзіі не да колеру скуры.
08.07.2024 / 08:55
Чарнаскуры самурай Ясукэ. Кадр з трэйлера
Пасля гучнага анонсу гульні Assassin's Creed Shadows, дзеянне якой будзе адбывацца ў феадальнай Японіі XVI стагоддзя, гульнявая супольнасць актыўна абмяркоўвае яе персанажаў і гістарычную дакладнасць.
У гульні будуць два пратаганісты, паміж якімі гулец зможа пераключацца: жанчына-ніндзя Наоэ і чарнаскуры самурай Ясукэ.
Першы трэйлер Assassin's Creed Shadows сабраў рэкордную для серыі колькасць дызлайкаў на фоне абвінавачанняў у гістарычнай недакладнасці і крытыкі вобраза цемнаскурага самурая Ясукэ.
Цяпер група японскіх геймераў, незадаволеных тым, як распрацоўшчыкі адлюстравалі эпоху, стварыла петыцыю з патрабаваннем адмяніць праект.
У петыцыі гаворыцца, што Ubisoft павінна адмяніць Assassin's Creed Shadows праз «сур'ёзную абразу японскай культуры», якую распрацоўшчыкі нанеслі, няправільна паказаўшы вобраз самураяў у гульні.
Ясукэ на постары Assassin's Creed Shadows
Аўтары петыцыі сцвярджаюць, што ў гульні скажоная роля і характар самураяў у японскай гісторыі, што можа быць звязана з расізмам у дачыненні да азіятаў.
«Гэтая гульня прысвечана японскім самураям, і ў ёй ігнаруецца той факт, што самураі мусяць быць вышэйшай кастай воінаў, якія служаць гокэнінам або знаці», — піша аўтар петыцыі Сімідзу Тору.
У тэксце таксама згадваецца першы еўрапеец, які атрымаў тытул самурая — Уільям Адамс (Міура Андзін), які служыў Такугаву Іэясу ў якасці хатамота і атрымліваў велізарны прыбытак у 250 коку.
Неяпонцу з тэксту петыцыі цяжка зразумець, што канкрэтна не так паказваюць распрацоўшчыкі і якой самі японскія геймеры хочуць бачыць гульню. Але відавочна, што прэтэнзій да колеру скуры ў петыцыі няма.
Але прэтэнзіі да расавай прыналежнасці галоўнага героя з'явіліся ва ўльтраправых з заходніх краін.
«Гульня настолькі глыбока прасякнута парадкам дня, што ў ёй ёсць цемнаскуры, паказаны як «сапраўдны гістарычны самурай» у Японіі. Абразліва да немагчымасці. Ніхто не прасіў», — напісаў у сваім твітары папулярны ўльтраправы блогер Ян Майлз Чэонг.
На ягоны допіс адгукнуўся Ілан Маск, заявіўшы, што «DEI [разнастайнасць, роўнасць і інклюзіўнасць] забівае мастацтва».
DEI kills art
— Elon Musk (@elonmusk) May 24, 2024
На сёння петыцыю падпісалі ўжо больш за 50 тысяч чалавек. Паводле аналітыка Даніэла Ахмада, абсалютная большасць падпісантаў — ультраправыя з заходніх краін, якія таксама пакідаюць расісцкія каментарыі.
Самі ж японцы крытыкуюць гістарычныя недакладнасці, звязаныя з архітэктурай, звычаямі і культурнымі нормамі, а не колер скуры аднаго з герояў. Японцы былі абураныя тым, што іхняй петыцыяй скарысталіся заходнія геймеры ў сваіх мэтах.
Меркаваная выява Ясукэ ў сутычцы сумо. Малюнак, створаны каля 1605 года
Нягледзячы на абурэнні ўльтраправых, чарнаскуры самурай Ясукэ — рэальны гістарычны персанаж. Як слуга італьянскага езуіцкага місіянера Алесандра Валіньяна ён прыбыў у Японію ў 1579 годзе.
Калі яго прадставілі славутаму магнату-даймё Оду Набунагу, той палічыў, што скура мужчыны афарбаваная чарніламі, і загадаў яму распрануцца да пояса і пачысціць скуру. Калі даймё зразумеў, што скура сапраўды ад прыроды такая чорная, то зацікавіўся Ясукэ і прыняў яго на службу. У рэшце чарнаскуры мужчына стаў самураем і збраяносцам даймё.
Ясукэ быў сведкам таго, як васал, які паўстаў супраць ягонага гаспадара, прымусіў Оду Набунагу здзейсніць харакіры. Самога Ясукэ не кранулі, палічыўшы, што чорны чалавек не японец, а жывёла. Яго выслалі ў хрысціянскую царкву Кіёта, пасля чаго след Ясукэ губляецца.
Sony саступіла карыстальнікам пасля грандыёзнага скандалу