Мінабароны пужае правакацыямі з боку ўкраінцаў

Пры гэтым само абяцае: «Нагнятання сітуацыі з нашага боку няма і не будзе». Але «прымае меры па абароне паўднёвых рубяжоў».

05.07.2024 / 10:29

Генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк. Фота: Мінабароны

Генерал-маёр Уладзімір Купрыянюк выказаўся пра сітуацыю на мяжы з Украінай.

«Знаходжанне падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння ў непасрэднай блізкасці ад нашай мяжы з'яўляецца не чым іншым, як адным з этапаў своечасовай падрыхтоўкі да магчымага вываду дыверсійных груп на нашу тэрыторыю. А наяўнасць артылерыі і бранятэхнікі разглядаем як магчымы кампанент баявой падтрымкі іх дзеянняў.

У цэлым, ва ўмовах нарошчвання прысутнасці падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, наймітаў і розных добраахвотніцкіх фарміраванняў у прыгранічных раёнах захоўваецца высокая верагоднасць падрыхтоўкі і правядзення на нашай тэрыторыі ўзброеных правакацый, а таксама рэзанансных акцый», — заявіў Купрыянюк.

Генерал адзначыў, што непасрэдна каля ўкраінска-беларускай мяжы яны налічваюць да 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў.

«У прыгранічных раёнах фіксуецца перамяшчэнне цяжкай тэхнікі, у тым ліку танкаў, артылерыйскіх сістэм і сродкаў СПА.

Адначасова не зніжаецца інтэнсіўнасць правакацыйных і дэманстратыўных дзеянняў з боку ўкраінскіх фарміраванняў, у тым ліку з задзейнічаннем беспілотнай авіяцыі, якая неаднаразова парушала нашу дзяржаўную мяжу», — заявіў генерал.

І дадаў, што яны назіраюць «нічым не абгрунтаваную актыўнасць» на Ровенскім і Жытомірскім кірунках. 

Але беларускі бок, па яго словах, нібыта не будзе нагнятаць сітуацыю.

Нагадаем, беларускія Узброеныя сілы праводзяць раптоўную праверку боегатоўнасці каля ўкраінскай мяжы.

Падаляк пра заявы Лукашэнкі аб канцэнтрацыі ўкраінскіх войскаў ля беларускай мяжы: Зменаў няма

Еўрапейцы гатовыя пагадзіцца на адпраўку сваіх войскаў для аховы беларуска-ўкраінскай мяжы — вялікае апытанне

Лукашэнка зноў выступіў з пагрозамі на адрас Украіны і Захаду. Аднак гэтыя пагрозы не ўтрымлівалі нічога рэальнага новага

Nashaniva.com