Рашэнне аб ануляванні ДНЖ у Літве больш не прыпыняецца пры абскарджанні ў судзе. Чалавек мусіць выехаць з краіны

У Літве з 1 ліпеня пастановы Дэпартамента міграцыі аб ануляванні дазволу на жыхарства больш не прыпыняюцца ў выпадку абскарджання ў судзе. Пра гэта гаворыцца ў каментары, размешчаным на сайце Дэпартамента.

05.07.2024 / 08:47

Новы парадак устаноўлены папраўкамі да закона «Аб прававым становішчы замежнікаў», якія ўступілі ў сілу ў пачатку месяца, піша Reform.news.

«З 1 ліпеня 2024 года рашэнне Дэпартамента міграцыі аб ануляванні дазволу на жыхарства, выдадзенага замежніку, больш не будзе аўтаматычна прыпыняцца ў выпадку яго абскарджання.

Гэта азначае, што дазвол на жыхарства замежніка будзе прызнаны несапраўдным незалежна ад таго, абскардзіць ці іншаземец рашэнне Дэпартамента міграцыі аб ануляванні свайго дазволу на жыхарства на працягу 14 дзён ці не.

Калі замежнік не пакіне Літву на працягу 14 дзён пасля анулявання віду на жыхарства, будзе вынесена рашэнне аб яго вяртанні [на радзіму].

Калі рашэнне аб вяртанні не будзе выканана, іншаземец будзе дэпартаваны і яму будзе забаронены ўезд у Літоўскую Рэспубліку», — паведамілі ў літоўскім ведамстве.

Да гэтага ў выпадку абскарджання рашэння Дэпартамента ў судзе ў замежнікаў захоўваўся часовы або пастаянны дазвол на жыхарства.

Раней паведамлялася, што з 1 ліпеня ў Літве таксама зрабілі больш строгімі ўмовы працы замежнікаў. Цяпер нельга працаваць тым, хто прыехаў па бязвізавым рэжыме, нацыянальных, шэнгенскіх візах, а таксама дазволах на жыхарства, выдадзеных іншымі краінамі. Каб мець права на працу, трэба атрымаць часовы дазвол на жыхарства.

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Падрабязнасці

У траўні Літва пазбавіла ДНЖ амаль паўтары тысячы замежнікаў

З Літвы высылаюць былога «загадчыка гаспадаркі Януковіча». Раней 10 гадоў яго не чапалі

Nashaniva.com