Новая тэхналогія робіць дроны няўразлівымі для глушылак

Яе паспяхова выпрабавалі ва Украіне пры атаках на расійскія пазіцыі.

05.07.2024 / 12:39

Байцы палка Кастуся Каліноўскага кіруюць дронамі. Скрыншот з відэа тэлеграм-канала BelWarrior

Швейцарская кампанія Auterion прэзентавала тэхналогію, якая абараняе выведвальныя і баявыя дроны ад сістэм радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), а таксама робіць беспілотнікі цалкам аўтаномнымі і больш дакладнымі пры нанясенні ўдараў па непрыяцелю.

Тэхналогія, якая мае назву Skynode S, уяўляе сабой фірмовы чып, фірмовую аперацыйную сістэму AuterionOS, а таксама агульную інтэграваную сістэму кіравання палётамі, якая аб'ядноўвае ў адной прыладзе і камп'ютар, і кантролер ад дрона.

«Skynode S быў распрацаваны ў супрацоўніцтве з урадавымі і прыватнымі гульцамі з ЗША, ЕС і Украіны. Тэхналогія сумяшчальная з сістэмамі НАТА і ўжо паспяхова паказала сябе ў некалькіх баявых місіях супраць расійскай арміі, падняўшы эфектыўнасць прымянення ўкраінскіх ударных дронаў з 20% да 90% і цалкам абараніўшы іх ад расійскіх сістэм РЭБ.

З новай сістэмай дроны можна запускаць ва ўмовах абмежаванай прасторы, унутры памяшканняў, а таксама абсталёўваць іх рознымі датчыкамі і камерамі. Аперацыйная сістэма AuterionOS дазваляе дронам не губляць арыентацыю на далёкіх дыстанцыях, нават калі сігнал GPS па тых ці іншых прычынах недаступны, напісана на афіцыйным сайце Auterion.

Кампанія адзначыла, што кошт адной сістэмы Skynode S суразмерны кошту аднаго смартфона і што яна падыходзіць як для вайсковых, так і для цывільных патрэбаў. Усё гэта робіць тэхналогію вельмі прывабнай на фоне кітайскіх распрацовак, упэўнены прадстаўнікі Auterion.

У Аўстраліі прадставілі самую моцную ў свеце партатыўную лазерную зброю супраць дронаў

Украінскія вайскоўцы сталі выкарыстоўваць новую хітрасць з беспілотнікамі

Украінцы здзіўляюць новымі тэхнічнымі рашэннямі: паставілі «Грады» на марскія дроны ВІДЭА

Nashaniva.com