Урад Японіі канчаткова адмовіўся ад дыскет. Факсы пакуль застаюцца

Урад Японіі канчаткова адмовіўся ад выкарыстання дыскет у справаводстве. Гэта здарылася праз два дзесяцігоддзі пасля зорнага часу такіх носьбітаў. Пастанова ўрада дзейнічае з 28 чэрвеня 2024 года, піша Reuters.

04.07.2024 / 16:49

Фота: Wikimedia Commons

У сярэдзіне чэрвеня ўлады Японіі адмянілі ўсе 1034 пастановы, якія рэгулявалі выкарыстанне дыскет для захоўвання і перадачы інфармацыі. Некаторыя з гэтых прававых актаў абавязвалі жыхароў Японіі падаваць дакументы ў дзяржорганы на дыскетах.

«28 чэрвеня мы выйгралі вайну з дыскетамі!» — аб'явіў міністр лічбавай трансфармацыі краіны Тара Кона.

Ён таксама выступае за адмову ад выкарыстання факсаў і іншых аналагавых тэхналогій ва ўрадзе. Ідэя адмовіцца ад факсаў, аднак, выклікала сур'ёзнае супрацьдзеянне з боку чыноўнікаў.

Японія, якую лічаць адной з найбольш тэхналагічна прасунутых краін, сур'ёзна адстала ад сучасных тэхналогій у абслугоўванні дзяржапарату. У перыяд пандэміі каранавіруса мясцовая мабільная праграма па адсочванні кантактаў правалілася. А спроба стварэння адзінай лічбавай платформы засведчыла, што чыноўнікі не гатовыя адмаўляцца ад папяровага справаводства.

Як Кітай становіцца навуковай звышдзяржавай

У Саудаўскай Аравіі мерацца пабудаваць двухкіламетровы хмарачос

Свет чакае другі «кітайскі шок» з наплывам танных тавараў

Nashaniva.com