Чаму Польшча забараніла вываз тавараў фізічным асобам і якія тавары цяпер нельга правезці?
Раніца 4 ліпеня пачалася з інфармацыі, што палякі перасталі выпускаць беларусаў з новымі рэчамі, якія тыя набылі ў Польшчы. Разбіраемся, што здарылася.
04.07.2024 / 16:17
Ілюстрацыйны здымак. Фота: сацыяльныя сеткі
Што адбываецца?
Усё пачалося з таго, што 29 чэрвеня 2024 года Еўрапейскі саюз узгадніў новыя санкцыі супраць Беларусі. Дакумент быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза 30 чэрвеня і набыў моц з 1 ліпеня.
Менавіта пасля гэтага стала вядома пра амаль што поўную забарону на ўвоз тавараў з Беларусі ў Латвію.
Рэгламент ЕС складаецца з 265 старонак, таму выглядае, што забароны пачынаюць дзейнічаць паступова і не сінхронна ў першую чаргу праз тое, што мытным службам патрэбны час, каб зразумець, як працаваць па новых правілах.
Паколькі рэгламент прыняты не толькі Польшчай, а Еўрапейскім саюзам, цалкам верагодна, што ўслед за палякамі беставарны выезд увядуць Латвія і Літва.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал t.me/belgranica
На што спасылаюцца?
Амаль усе ранейшыя абмежаванні і забароны ў першую чаргу тычыліся камерцыйных паставак і не закраналі фізічных асоб. Але не гэтым разам.
У артыкуле 1bb рэгламенту гаворыцца наступнае:
«Забараняецца прадаваць, пастаўляць, перадаваць або экспартаваць, прама ці ўскосна, тавары, якія маглі б спрыяць, у прыватнасці, умацаванню беларускіх прамысловых магутнасцяў, незалежна ад таго, паходзяць яны з Саюза ці не, як паказана ў дадатку XVIII, любой фізічнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў Беларусі або для выкарыстання ў Беларусі».
То-бок новыя абмежаванні распаўсюджваюцца ў тым ліку на звычайных людзей, якія набылі тавары ў ЕС і вывозяць іх у Беларусь для ўласных патрэб.
Што за тавары?
Спіс тавараў, забароненых да вывазу з Еўрасаюза ў Беларусь, пералічаны ў дадатку XVIII «Пералік тавараў і тэхналогій, якія могуць спрыяць павелічэнню прамысловага патэнцыялу Беларусі».
Пералік забароненых мытных кодаў займае больш за 30 старонак. У гэты спіс трапілі самыя разнастайныя пазіцыі, пачынаючы ад кветак і раслін і заканчваючы гузікамі і падушачкамі для чарніла.
Сярод папулярных тавараў — батарэйкі, мабільныя тэлефоны, маніторы, праектары, мікрафоны, гукавыя ўзмацняльнікі, абагравальнікі, некаторыя віды тканіны, пакрышкі для аўтобусаў і грузавікоў, бідэ, унітазы і шмат іншага.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал t.me/belgranica
Што пішуць у чатах?
Карыстальнікі адмысловых чатаў пішуць, што з Польшчы ў Беларусь нельга правезці любую тэхніку, аўтамабільныя запчасткі, у тым ліку б/у. Пры гэтым не важна, тавары едуць праз чырвоны канал (VAT) або праз зялёны.
Падарожнікаў, якія выязджаюць праз зялёны калідор, таксама правярае польская мытня, хоць раней пры выездзе з Польшчы такога ніколі не было, пішуць карыстальнікі.
«На прадукты харчавання, медыкаменты, а таксама на бытавую хімію VATы па-ранейшаму адзначаюць. Астатняе вывозіць нельга нават без VAT», — дзеліцца досведам беларус, які нядаўна перасек мяжу.
Што тычыцца адзення і абутку, то вывезці яго легальна з вяртаннем ПДВ таксама нельга, таму падарожнікі пішуць, што мытня прапускае адзенне без бірак і абутак без каробак. І толькі ў выпадках, калі ўдаецца пераканаць, што гэта ўжо б/у рэчы, якія патрэбныя на час паездкі.
Што кажа мытня?
Тлумачэнняў, што дакладна можна везці, а што не, прынамсі пакуль польская мытня не дае, суха спасылаючыся на той самы рэгламент, які краіны ЕС прынялі 29 чэрвеня. Падарожнікі спадзяюцца, што ў хуткім часе з'явіцца больш падрабязная інфармацыя, як перасякаць мяжу ў новых умовах.
Апроч абмежаванняў на вываз тавараў з ЕС у Беларусь, у дакуменце ўтрымліваюцца нормы, якія таксама тычацца забароны на экспарт шэрагу пазіцый з Беларусі, а таксама транзіту некаторых тавараў па тэрыторыі нашай краіны, калі пунктам прызначэння з'яўляюцца трэція краіны.