Як паскорыць атрыманне шэнгенскай візы ў Германію і Італію

Ёсць некалькі спосабаў, але яны падыдуць не для ўсіх.

04.07.2024 / 12:02

Супрацоўнік аднаго з агенцтваў, якое дапамагае падаваць дакументы на візу, у сваім канале ў тыктоку расказаў пра некалькі лайфхакаў.

Цяпер, напрыклад, каб падаць дакументы ў консульства Германіі, трэба чакаць не менш за 11 месяцаў пасля запісу праз сайт.

Каб паскорыць працэс, спецыяліст раіць атрымаць запрашэнне ад каго-небудзь з родных з Германіі. Гэта дапаможа атрымаць візу за 3 месяцы. Хаця тэрмін можа расцягнуцца і да 5-6 месяцаў.

Запісацца ў чаргу на падачу дакументаў у консульства Італіі цяпер наогул немагчыма. Аднак выйсце ёсць, калі вы валодаеце бізнэсам, з'яўляецеся індывідуальным прадпрымальнікам альбо маеце прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Таксама гэты варыянт падыдзе для таго, хто працуе на ІП ці ПУП, якія могуць падпісаць дамову з італьянцамі.

Як тлумачыць спецыяліст, гэта можа быць проста намінальная дамова, якая ні да чаго не абавязвае. Але яна дапаможа падаць дакументы на атрыманне бізнэс-візы, якая ў асноўным ставіцца на год і больш. Такую візу можна атрымаць прыкладна за два месяцы.

Мужчына рэкамендуе менавіта бізнэс-візу ў Італію, бо іх выдаюць дастаткова стабільна.

Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй

Нацыянальная віза Польшчы пры паўторнай падачы даражэе да 135 еўра. Што маецца на ўвазе?

Шэнген для беларусаў: магчымыя варыянты, кошт пытання і гісторыі з жыцця

Nashaniva.com