У Расіі затрымалі камандзіра дэсантнікаў, якія зверствавалі ў Бучы. Але затрымалі яго за іншае

Контрвыведка ФСБ затрымала камандзіра 83-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Бучы. Яго падазраюць у махлярстве.

04.07.2024 / 09:44

Супрацоўнікі органаў вайсковай контрвыведкі ФСБ затрымалі камандзіра 83-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады Арцёма Гарадзілава. Як піша «Коммерсант», гвардыі палкоўніка, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША і іншых краін, падазраюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры. 

Што менавіта і на якую суму ставіцца ў віну Гарадзілаву, пакуль невядома. 

У 2023 годзе Гарадзілава ўключылі ў санкцыйныя спісы ЗША. Яго прозвішча фігуравала ў цэлым шэрагу публікацый замежных СМІ аб ваенных злачынствах, учыненых ва Украіне. 

У 2022 годзе New York Times апублікавала расследаванне забойстваў мірных жыхароў у прыгарадзе Кіева Бучы, якая ў сакавіку знаходзілася пад расійскай акупацыяй. 

Журналісты восем месяцаў вывучалі запісы з камер назірання, кадры, знятыя мясцовымі жыхарамі і разведвальнымі дронамі, размаўлялі з відавочцамі. У выніку следчыя змаглі ідэнтыфікаваць 22 расейскіх вайскоўцаў з 234-га гвардзейскага дэсантна-штурмавога палка ПДВ пад камандаваннем, на той момант, падпалкоўніка Арцёма Гарадзілава, якія маюць дачыненне да забойстваў.

Газета называла забойствы і пакаранні мэтанакіраванай кампаніяй расейцаў для «ачысткі» шляху ў Кіеў і сцвярджала, што злачынствы адбываліся на загад або з ведама начальства.

У Бучы пад Кіевам мужчына падарваў гранату ў аўтамабілі, бо кіроўца адмовіўся «везці яго ў Беларусь»

Новыя дэталі злачынстваў расіян у Бучы высветлілі дзякуючы выкрадзеным узнагародам афіцэра СБУ

Пуцін глядзеў парад Перамогі з вайскоўцамі, якія акупавалі Бучу

Nashaniva.com