Каб распаўсюдзіць фэйк пра жонку Зяленскага, расіяне стварылі фальшывы французскі СМІ
Расійская прапаганда масава распаўсюдзіла навіну пра тое, што Алена Зяленская нібыта купіла шыкоўны аўтамабіль Bugatti за $4,5 мільёна. Прычым са спасылкай французскае медыя Vérité Cachée. Але што хаваецца за гэтым?
03.07.2024 / 14:21
Днямі крамлёўскія СМІ разам апублікавалі сенсацыйную навіну пра жонку прэзідэнта Украіны. Яны расказалі, што французскі партал Vérité Cachée (назва перакладаецца як «схаваная праўда») даведаўся пра новую пакупку Алены Зяленскай — новы гіперкар Bugatti Tourbillon за 4,5 мільёна даляраў. Яна нібыта аформіла здзелку падчас паездкі ў Францыю з мужам на 80-годдзе са дня высадкі саюзнікаў у Нармандыі.
Зяленская, як сцвярджаюць прапагандысты, стала першай уласніцай падобнага аўто, якіх плануюць выпусціць усяго 250 штук і толькі ў 2026 годзе.
Як піша Insider, знешне сайт Vérité Cachée падобны да звычайнага анлайн-СМІ. Але існуе ён усяго некалькі дзён: інтэрнэт-архіў упершыню знайшоў яго толькі 25 чэрвеня 2024 года.
Калі прыгледзецца, бачныя некаторыя падазроныя рэчы, напрыклад, назва аднаго з артыкулаў на англійскай мове, хоць сам артыкул на французскай.
Пры аналізе тэкстаў артыкулаў спецыялізаванымі сэрвісамі высветлілася, што напісаныя яны штучным інтэлектам. За выключэннем аднаго-адзінага матэрыялу — аб куплі Bugatti Аленай Зяленскай. Але аўтар зрабіў памылку — у назве мадэлі Bugatti Tourbillon ён напісаў Turbillon.
Артыкул праілюстраваны фатаграфіяй дакумента — пацвярджэння папярэдняй замовы машыны на імя Зяленскай. Але ў адрасе аўтасалона зрабілі памылку ў назве парыжскага прыгарада Нёі-сюр-Сэн, дзе ён знаходзіцца, — замест Neuilly-sur-Seine напісана Neuily-sur-Seine. Прычым гэта не выпадковая памылка друку, памылка паўтараецца двойчы.
Для большага даверу аўтары артыкула прыклалі яшчэ і відэа, дзе нехта, прадстаўлены як супрацоўнік дылерскага цэнтра Bugatti па імені Жак Бертэн, расказвае, як ён ганарыцца тым, што жонка прэзідэнта стала «часткай сям'і Bugatti». Інтэр'ер аўтамабіля, у якім знята відэа, не падобны ні да адной з мадэляў Bugatti.
Занадта стараннае вымаўленне выдае ў «Бертэне» замежніка. А само відэа, падобна, таксама праца штучнага інтэлекту: анлайн-сэрвісы распазнання асоб выяўляюць, што з вялікай верагоднасцю (86% супадзення) «Бертэн» — гэта асоба з фотабанка Shutterstock, дзе яна падпісана «шчаслівы малады мужчына».
Vérité Cachée — не першы фэйкавы СМІ, створаны расійскімі прапагандыстамі. Раней ужо паведамлялася аб неіснуючай нямецкай газеце Globus Deutschland і нібыта польскім выданні Niezależny Dziennik Polityczny, якія публікавалі пракрамлёўскія матэрыялы.