Вальфовіч пакрыўдзіўся на армянаў за адмову ад парада ў Мінску

Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі назваў прычыны няўдзелу армянскіх вайскоўцаў надуманнымі.

03.07.2024 / 13:15

Аляксандр Вальфовіч. Фота: sb.by

Сёння ў Мінску прайшоў вайсковы парад да Дня незалежнасці. У ім, акрамя беларускіх вайскоўцаў, узялі ўдзел парадныя разлікі з Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кітая, Таджыкістана і Узбекістана. Па словах Аляксандра Вальфовіча, армянскі бок таксама запрашалі, але ён адмовіўся.

«Арменія пакуль з'яўляецца ўдзельнікам АДКБ, яе запрашаюць на ўсе форумы па лініі гэтай арганізацыі. Але па нейкіх надуманых, хутчэй за ўсё, суб'ектыўных прычынах (мы разумеем, што гэта за прычыны), на жаль, дэлегацыя Арменіі, парадныя разлікі Арменіі не прыбылі для ўдзелу ў парадзе», — сказаў дзяржсакратар Рады бяспекі.

Таксама Вальфовіч згадаў абарону Брэсцкай крэпасці, якая нібыта павінна была паўплываць на рашэнне Арменіі.

«Вельмі красамоўны прыклад Брэсцкай крэпасці, калі ў самыя першыя дні вайны на яе абарону ўсталі прадстаўнікі 34 нацыянальнасцей. Тады не дзялілі, армянін ты або азербайджанец, рускі, беларус або ўкраінец. Нашы дзяды і прадзеды разам супрацьстаялі. І яны тады заклалі першую цаглінку ў фундамент Вялікай Перамогі», — сказаў ён.

Нагадаем, што ў чэрвені прэм'ер-міністр Нікол Пашынян заявіў, што больш не наведае Беларусь, пакуль у яе ва ўладзе знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Ён абвінаваціў беларускія ўлады ў дапамозе Азербайджану падчас другой карабахскай вайны. Міністр замежных спраў Арменіі пасля гэтага сустракаўся з дэмакратычнай лідаркай беларускай Святланай Ціханоўскай.

Nashaniva.com