Франтавы святар з-за адсутнасці мошчаў выкарыстаў для правядзення еўхарыстыі косткі загінулых расійскіх салдат

Такой гісторыяй падзяліўся вядучы «Салаўёў Live» Сяргей Карнавухаў, піша тэлеграм-канал «Асцярожна, навіны».

02.07.2024 / 15:12

Ілюстрацыйнае фота: AP 

Паводле яго слоў, бацюшку трэба было правесці таінства для ваенных, якія збіраліся ісці на штурм, але ў яго не было антымінсу — шаўковай матэрыі з ўшытай у яго часціцай мошчаў якога-небудзь праваслаўнага пакутніка, якое выкарыстоўваецца пры літургіі. Святар вырашыў, што ў гэтым выпадку антымінсам можна будзе лічыць зямлю, у якой ляжаць косткі загінулых.

«Ён кажа: «Я бачу, што зямля блішчыць. Косці хлопцаў нашых, якія ў розныя дні гінулі (а вайна ж ужо ідзе трэці год), яны напоўнілі ўсё гэтае поле. Прайшлі па іх танкі. І мы калі гэтую зямлю вызвалілі, гэтыя костачкі беленькія пабліскваюць на сонцы. Я тады зразумеў, што кожны з гэтых хлопцаў — яны святыя».

Пасля гэтага святар паклаў чашу для літургіі на зямлю, якую ён палічыў антымінсам і здолеў правесці таінства.

Nashaniva.com