«Мы знаходзімся побач з мяжой Беларусі». Мэр Вільні прадставіў план абароны горада
Плануюцца закупкі бетонных блокаў, «зубоў дракона» і «сталёвых вожыкаў».
02.07.2024 / 14:28
Мэр Вільні Валдас Бенкунскас апублікаваў план палітыкі па абароне літоўскай сталіцы. Кіраўнік горада заявіў, што Вільня, у выпадку канфлікту, стане мэтай нумар адзін, піша Delfi.
«І, па-за ўсякім сумневам, — мы знаходзімся побач з мяжой Беларусі. За некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Вільні ёсць Астравецкая АЭС, якая з'яўляецца пагрозай», — адзначыў мэр.
План можна падзяліць на дзве часткі: дапамогу абароне і ўмацаванне грамадзянскай абароны. Дапамога абароне ўключае парк мер па контрмабільнасці, новую прастору для дронаў, ваенную камендатуру і прыняцце нямецкай брыгады ў сталіцы і ў Літве.
Меры па контрмабільнасці ахопяць усходнюю і паўднёвую часткі горада, план павінны рэалізаваць да восені. Плануецца аб'явіць конкурс на закупкі бетонных блокаў для перакрыцця дарог, процітанкавых надаўбняў (зубоў дракона), зборных камплектаў сталёвых «вожыкаў».
«Яны ў першую чаргу патрэбныя для блакавання ўезду ў горад па дарогах. Асноўныя дарогі ў паўднёвым і ўсходнім кірунку, калі глядзець на знешнюю мяжу НАТА. Гэта ахоплівае і сетку невялікіх дарог, пачынаючы з лясных, гравійных, якія маглі б выкарыстоўвацца падчас атакі на горад», — распавёў мэр.
На працягу года мерамі контрмабільнасці збіраюцца пакрыць увесь горад.
Карту дарог, якія будуць перакрываць у выпадку вайны, публічыць не будуць. Яе распрацуюць сумесна з ваеннымі спецыялістамі. Таксама плануецца стварыць новую трасу для дронаў, дзе па папярэдняй рэгістрацыі змогуць трэніравацца дзеці і дарослыя.