За грашовыя пераводы і перадачы палітвязням жыхарцы Брэста пагражае 7 гадоў турмы

Брэсцкі абласны суд з 2 ліпеня разглядае крымінальную справу палітзняволенай Ірыны Бандарэнкі, якую вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Справу разглядае суддзя Дзмітрый Куроўскі, піша Радыё Свабода

02.07.2024 / 14:21

Паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса Беларусі жанчыне пагражае да 7 гадоў зняволення.

Ірыне Бандарэнцы больш за 50 гадоў. Жанчына са сваёй ініцыятывы аказвала грашовую дапамогу зняволеным брэсцкага СІЗА, таксама перасылала ім харчовыя перадачы. У 2023 годзе Ірыну Бандарэнку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі, пазней пачалі выклікаць на допыты ў Следчы камітэт.

«Ведала, што могуць пасадзіць, на допыты хадзіла з торбай рэчаў, але спадзявалася, што ўсё абыдзецца. Не атрымалася», — расказаў пра Ірыну Бандарэнку яе знаёмы.

Паводле яго слоў, пасля выкліку на допыт 26 красавіка жанчына дамоў не вярнулася, сама трапіла ў следчы ізалятар. Падчас знаходжання ў СІЗА лісты ад яе не даходзілі.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ірыну Бандарэнку палітзняволенай.

Nashaniva.com