Нацпарк Аўстраліі размясціў вакансію выгульшчыка вомбата. У гэтай жывёліны — асаблівы рэжым дня

Выгульшчык абавязаны ісці або бегчы побач, пляскаць у далоні, падтрымліваць вомбата добрымі словамі і падкормліваць травой, карэннямі і грыбамі.

02.07.2024 / 13:59

Прыродны парк на ўсходнім узбярэжжы Тасманіі прапануе любому ахвотнаму стаць прафесійным выгульшчыкам вомбата. Гэтыя сумчатыя аддаюць перавагу начному ладу жыцця, а днём спяць, піша Bild.

У дрэннае надвор'е лянівыя вомбаты могуць праспаць у нары цэлыя суткі. Таму ім неабходны выгульшчык, які будзе матываваць іх штодня здзяйсняць ранішнюю прагулку.

Ён абавязаны ісці або бегчы побач, пляскаць у далоні, падтрымліваць вомбата добрымі словамі і падкормліваць травой, карэннямі і грыбамі. Суправаджаючы таксама абавязаны сачыць, каб жывёла не пакінула тэрыторыю парка.

Выгульшчыкам вомбата нельга стаць на пастаяннай аснове, максімум на два дні. Заробак ім таксама не плацяць, гэты добраахвотны занятак.

Але парк абяцае аплаціць валанцёрам авіябілеты ўнутры Аўстраліі, арэнду аўтамабіля і пражыванне. Галоўнае патрабаванне да суіскальнікаў — цярпенне, бо вомбаты не любяць стрэсу і мітусні.

Nashaniva.com