У Магілёве збіраюцца пабудаваць музейны комплекс у гонар расійскага цара Мікалая II
Экспазіцыі будуць прысвечаны падзеям пачатку XX стагоддзя.
02.07.2024 / 12:10
Фота: Магілёў Анлайн
Музейны комплекс плануюць узвесці ў парку Горкага побач з храмам святых Царскіх Страстацерпцаў — у такім чыне ў РПЦ была кананізавана сям'я апошняга расійскага імператара Мікалая II.
Новыя музеі будуць прысвечаныя падзеям пачатку XX стагоддзя, піша «Магілёў анлайн». Сярод асноўных тэм — Першая Сусветная вайна, Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага расійскай арміі, сям'я Мікалая II, георгіеўскія кавалеры, Лютаўская рэвалюцыя 1917 года.
Тэрміны рэалізацыі праекту пакуль не называюцца, аднак ужо ёсць эскізы архітэктурнага ансамбля.
У Магілёве ў 1915-1917 гадах знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага арміі Расійскай імперыі. Тут першыя дні Лютаўскай рэвалюцыі правёў Мікалай II.