Быў пад наркотыкамі, аказаў супраціў. Памежнікі пракаментавалі зʼяўленне голага мужчыны на польска-беларускай мяжы

Інцыдэнт адбыўся каля 17:40 панядзелка 1 ліпеня ў аўтадарожным міжнародным пункце пропуску «Брэст-Тэрэспаль». Мужчына спрабаваў перасячы дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Польшчы без адзення і дакументаў. Памежнікі далі каментар з гэтай нагоды. 

02.07.2024 / 11:32

«Мужчына паводзіў сябе неадэкватна, дрэнна арыентаваўся ў прасторы і аказаў супраціў пагранічнаму нараду. Праведзены медыцынскі агляд затрыманага выявіў стан наркатычнага апʼянення», — паведаміў «Спутніку» афіцыйны прадстаўнік ДПК Антон Бычкоўскі.

Мужчыну прыцягнуць да адказнасці за наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржмяжы Беларусі, парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. Акрамя таго, у адносінах парушальніка пачата праверка па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 366 КК (гвалт у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі).

Затрыманага змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання для далейшага разбору.

Яго асоба высвятляецца.

Nashaniva.com