«Макрон кінуў Францыю пад аўтобус». Што піша прэса пра выбары ў Францыі і іх першыя вынікі
Францыя перажывае шок пасля перамогі правых папулістаў у першым туры выбараў у парламент Францыі — BILD сабраў галоўныя каментары прэсы.
01.07.2024 / 14:49
Пратэсты ў Францыі пасля абвяшчэння першых вынікаў выбараў. Фота: AP Photo / Louise Delmotte
У першым туры пазачарговых выбараў у Францыі перамогу атрымала партыя «Нацыянальнае абʼяднанне» пад кіраўніцтвам Марын Лё Пэн і Жардана Бардэлы. На другім месцы апынулася партыя «Новы народны фронт», а на трэцім — прэзідэнцкая кааліцыя «Разам за Рэспубліку».
Такім чынам, Эмануэль Макрон не толькі распусціў Нацыянальны сход і ініцыяваў датэрміновыя выбары з абмежаваным тэрмінам падрыхтоўкі ў 20 дзён, але і прайграе іх з вялікім адрывам. Прыхільнікі левых партый правялі акцыю на плошчы Рэспублікі ў знак пратэсту супраць высокага выніку ўльтраправых.
Le Figaro: «Французская трагедыя»
Газета Le Figaro ў сваім каментары называе сітуацыю «французскай трагедыяй» і піша: «Калі гісторыкі азірнуцца на роспуск парламента, ім прыйдзе на розум толькі адно слова: катастрофа!»
Галоўны рэдактар газеты абураецца: «Дзякуй, Макрон за крызіс рэжыму». Нягледзячы на гэта, паміж правымі папулістамі (RN) і левымі экстрэмістамі («Новы народны фронт») Figaro называе першых меншым злом: «Праграма RN выклікае непакой у многіх аспектах, але з іншага боку — антысемітызм, ісламскі левізм, ненавісная класавая барацьба, падатковая істэрыя… Ідэалогія, якая прынясе краіне ганьбу і спусташэнне».
Libération: Заклік да блакады правых
Левая газета Libération заклікае да блакады правых: «Кіраўнік дзяржавы кінуў Францыю пад аўтобус. Але гэты аўтобус працягвае рухацца і ўжо стаіць каля брамы Маціньёна [рэзідэнцыя прэмʼер-міністра]. Адзіны спосаб перашкодзіць яму — рэспубліканская блакада злева».
Les Échos: «Канец эпохі»
Эканамічная газета Les Échos піша пра «канец эпохі», але не заклікае да блакады разам з левымі. Паводле заявы выдання, левыя экстрэмісты таксама непрымальныя. Лідар партыі Жан-Люк Меланшон — «пудзіла», а яго кандыдаты, якія носяць палестынскія хусткі, «проста эпатуюць», але не маюць палітычных канцэпцый.
Politico: «Макрон ужо прайграў»
Выданне Politico піша пра Макрона: «Першы тур парламенцкіх выбараў у нядзелю стаў асабістым прыніжэннем». Цяпер Макрон стаіць перад горкім выбарам: спрабаваць спыніць вельмі правых або выратаваць рэшткі сваёй калісьці дамінуючай партыі, перш чым яна знікне, піша выданне. «Макрон ужо прайграў. Ці можа хто-небудзь спыніць Лё Пэн?» — гаворыцца ў каментары.
Die Zeit: «Што рухала Макронам?»
Газета Die Zeit задаецца пытаннем, што заахвоціла Макрона распусціць парламент пасля выбараў у Еўрапарламент: «Рэдка калі адзін чалавек у заходняй дэмакратыі прымаў такое адзіночнае рашэнне. З-за самаўпэўненасці, абражанага гонару або іншых матываў — гэтае пытанне будзе займаць гісторыкаў».
Wall Street Journal: «Не паўтарайце стаўкі Макрона»
Газета Wall Street Journal піша: «Калі вы знаходзіцеся з Эмануэлем Макронам у казіно, не паўтарайце яго стаўкі. <…> Яго стаўка была на тое, што выбаршчыкі працверазеюць, калі справа дойдзе да Нацыянальнага сходу. Замест гэтага яны выпілі яшчэ адзін двайны».
Апублікаваныя афіцыйныя вынікі выбараў у Францыі
У Парыжы пасля абнародавання вынікаў экзітполаў тысячы людзей выйшлі на вуліцы
На парламенцкіх выбарах у Францыі перамагаюць ультраправыя з Марын Лё Пэн. Партыя Макрона трэцяя