ПА АБСЕ прызнала дзеянні РФ генацыдам украінскага народа

Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала дзеянні Расіі генацыдам украінскага народа і неабходнасць дэкаланізацыі РФ. Пра гэта паведаміў член парламенцкай дэлегацыі Павел Фралоў.

30.06.2024 / 08:41

«У дзень адкрыцця летняй сесіі ў Бухарэсце ПА АБСЕ прыняла рэзалюцыю з асуджэннем 10-гадовай узброенай агрэсіі РФ супраць Украіны, якой прызнала дзеянні ваенна-палітычнага кіраўніцтва РФ і яе ўзброеных сіл падчас поўнамаштабнага ўварвання генацыдам украінскага народа», — паведаміў ён.

Фралоў падкрэсліў, што рэзалюцыя вызначае дэкаланізацыю РФ «неабходнай перадумовай для ўстанаўлення трывалага свету». 

У рэзалюцыі змешчаны заклік усіх 53 краін-удзельніц АБСЕ прыкладаць намаганні для дэакупацыі Крыма і ўсіх акупаваных тэрыторый Украіны шляхам падтрымкі Формулы міру і Крымскай платформы;

заклік дзяржаў АБСЕ стварыць Спецыяльны трыбунал для прыцягнення да адказнасці Расіі за злачынствы, учыненыя ў ходзе агрэсіўнай вайны супраць Украіны, правесці на міжнародным і нацыянальным узроўнях расследаванне масавых зверстваў, забойстваў, катаванняў, згвалтаванняў арміі РФ;

падкрэсліваецца неабходнасць хуткага запуску механізму выкарыстання замарожаных расійскіх актываў на карысць Украіны;

прэзідэнцкія выбары 2024 года ў РФ прызнаюцца падтасаванымі і такімі, якія падрываюць легітымнасць усёй выбарчай сістэмы РФ;

заклік забараніць імпарт расійскага звадкаванага газу ў ЕС, рээкспарт і транзіт праз парты ЕС, піша «Украінская праўда».

Nashaniva.com