У Чарнігаве паставілі памятную шыльду Кастусю Каліноўскаму. Вось як яна выглядае 

Па рашэнні гарадскіх дэпутатаў ва ўкраінскім Чарнігаве ўсталявалі памятную шыльду ў гонар Кастуся Каліноўскага, паведамляе чарнігаўскі партал 0462.ua.

29.06.2024 / 19:49

Фота: 0462.ua

Шыльду ўсталявалі на доме, у які трапіў снарад у пачатку сакавіка 2022 года падчас расійскага ўварвання на поўнач Украіны праз Беларусь. 

Ініцыятарам усталявання мемарыяльнай дошкі выступіў дабрачынны фонд «Вільна Білорусь».

Вуліца, на якой ушанавалі памяць беларускага нацыянальнага героя, аднаго з кіраўнікоў антырасійскага паўстання 1863-1864 гадоў, раней насіла назву загінулага ў 1943 годзе на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласці савецкага палкоўніка Сяргея Смірнова. Цяпер жа яна таксама носіць імя Кастуся Каліноўскага, як і прылеглы завулак.

Раней паведамлялася, што на мемарыяльнай шыльдзе будзе прысутнічаць цытата з Кастуся Каліноўскага на беларускай мове. Яна сапраўды ёсць:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

У Чарнігаве паставяць мемарыяльную шыльду Кастусю Каліноўскаму з цытатай па-беларуску

У Чарнігаве з'явіліся вуліца і завулак Кастуся Каліноўскага

«Зваротаў усё больш». Гігін анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага ў Мінску

Nashaniva.com