Чаму заходнія жанчыны адмаўляюцца ад мужчын
Яшчэ ў пачатку 2024-га амерыканская камедыянтка Хоўп Вудард расказала, што жадае пражыць год без рамантычных адносінаў: ніякага сэксу, пацалункаў, спатканняў і нават перапіскі з хлопцамі. З таго часу ідэя амерыканкі перарасла ў вялікі трэнд.
01.07.2024 / 11:29
Новы рух называюць словам boysober — спалучэнне словаў boy (хлопец) і sober (цвярозы). 27-гадовая Вудард расказвае, што хоць у яе жыцці і было шмат сэксу, і ва ўсіх выпадках яна была на яго згодная, яна часта давала гэтую згоду, таму што «ніколі насамрэч не мела дазволу дамовіцца». Паводле словаў амерыканкі, тое, што яна на год паставіла паўзу ў асабістым жыцці, упершыню дало ёй адчуванне ўласнасці над сваім целам.
Але ж boysober — не тое ж самае, што цэлібат. Апошняе — не заўжды добраахвотнае рашэнне, да таго ж, цэлібат часта звязаны з рэлігійнымі прычынамі. Boysober — гэта хутчэй пытанне асабістага выбару.
Вось як гэта тлумачыць Вудард: «Я так моцна ненавіджу цэлібат, бо мне не хочацца прымаць ідэю, быццам нехта лепшы ці больш дастойны кахання ці павагі, калі ў яго няма сэксу. Boysober — гэта пра тое, каб узяць час на паўзу, на тое, каб рэфлексаваць і нанава расстаўляць прыярытэты, а не пра тое, каб атрымліваць ад мужчын ухваленне».
Вудард — не першая, хто гатовы жыць без мужчын. Некалькі гадоў таму брытанская актрыса Эма Уотсан назвала свой рамантычны статус выразам self-partnered, то-бок «у партнёрстве з самой сабой». Уотсан казала, што яна ніколі не верыла ў магчымасць быць шчаслівай без партнёра, але, калі ёй было 29, яна сапраўды адчула сябе шчаслівай у такім статусе.
Разам з некаторымі іншымі жанчынамі Вудард распрацавала правілы таго, што значыць быць boysober.
Перш за ўсё, трэба выдаліць са смартфона ўсе дэйтынгавыя дадаткі — Tinder, Bumble, Pure і ўсе магчымыя іншыя праграмы такога кшталту. Гэтыя дадаткі часам дапамагаюць знайсці кагосьці цікавага, але ў той жа час можна трапіць ад іх у залежнасць і занадта захапіцца стварэннем свайго ідэальнага вобразу.
Яшчэ адно правіла — адмовіцца ад спаткання з іншымі людзьмі, замест гэтага можна схадзіць на спатканне з сабой, напрыклад, у кіно ці спа-цэнтр. І, як бы гэта ні было спакушальна, не трэба пісаць былому хлопцу, бо вы не ведаеце, наколькі ён насамрэч варты вашай увагі цяпер.
Вудард асобна раіць устрымлівацца ад адносінаў з незразумелымі межамі — таго, што па-англійску называюць situationship. Такія адносіны ствараюць умовы для непаразумення, блытаніны і, нарэшце, болю для іх удзельнікаў.
Boysober — гэта не толькі пра адмову ад сэксу, гэта і пра забарону на пацалункі і нават абдымкі. Гэта не адменіць жаданне фізічнага кантакту, але стваральніцы трэнду раяць пачакаць з такой блізкасцю, пакуль вы не сустрэнеце кагосьці сапраўды вартага.
Калумніст брытанскага Independent Олівер Кінс лічыць, што новы рух — прычына задумацца для мужчын:
«Маё жыццё завалена людзьмі, якія сустракаліся ці цяпер сустракаюцца з мужчынамі, якія не разумеюць эмоцый ці эмацыйна недаступныя, з тымі, у каго небяспечна мала прыроднага спачування, з занадта ганарлівымі ці тымі, хто баіцца нават пасмяяцца з сябе, або хто няздольны задаволіць сэксуальнае жаданне так, каб гэта не было проста сімуляцыяй порна.
Калі б я мог проста цяпер пракрычаць нешта адно пакаленню мужчын за 20, я прапанаваў бы ім паразважаць над тым, што, на думку жанчын, яны мусяць масава ад вас адмовіцца, каб весці стабільнае і шчаслівае жыццё. Устрымлівайцеся ад жадання далучыцца да негатыўнай рэакцыі на трэнд на жаночаненавісніцкіх рэсурсах і доўга ды ўважліва прыгледзьцеся да сябе ў люстэрку».
У Жлобіне ўзялі шлюб 87-гадовы жаніх і 76-гадовая нявеста. Прычым пазнаёміліся яны ў тыктоку