Экс-кіраўнік БРСМ Дзмітрый Варанюк знайшоў новую працу
Дзмітрый Варанюк нядоўга пабыў першым сакратаром БРСМ — усё сапсаваў 2020 год. Ён адышоў у цень, але цяпер выбраўся са ссылкі на тэлебачанне.
29.06.2024 / 08:00
Дзмітрый Варанюк. Фота з яго інстаграма
Дзмітрый Варанюк стаў на чале БРСМ напрыканцы 2018 года. Здавалася, што кар'ера амбіцыйнага 31-гадовага хлопца з Узбекістана (нарадзіўся Дзмітрый у Ташкенце) ідзе ўгору. У 2019 годзе яго прызначылі ў Савет Рэспублікі — Дзмітрыя нават называлі самым маладым сенатарам сёмага склікання.
Але праца БРСМ і асабіста Дзмітрыя ў 2020 годзе лукашэнкаўцам не спадабалася. Непублічна яго шмат крытыкавалі за тое, што БРСМ не змог накіраваць моладзь у патрэбнае ідэалагічнае рэчышча. Высветлілася, што самая масавая (на паперы) моладзевая арганізацыя краіны нічога не можа зрабіць са студэнцкімі пратэстамі.
Дэманстратыўна і са скандалам звальняць Дзмітрыя Варанюка не сталі. Але на бліжэйшым з'ездзе БРСМ у жніўні 2021 года абралі новага першага сакратара — Аляксандра Лук'янава. Таго самага, які цяпер трапіў пад санкцыі Еўрасаюза за садзейнічанне ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.
Для Варанюка новая эпоха складвалася не вельмі паспяхова. Ён відавочна пайшоў на паніжэнне — стаў кіраўніком прэс-цэнтра ў Доме прэсы. Пасада Дзмітрыя гучала больш-менш прыгожа — намеснік дырэктара Дома прэсы, — але ж значную частку яго працоўнага часу займала арганізацыя нікому не цікавых прэс-канферэнцый, на якія трэба было яшчэ неяк сагнаць дзяржаўных журналістаў.
Тыдзень таму Дзмітрый радасна паведаміў у інстаграме, што гэта быў яго апошні працоўны дзень у Доме прэсы. Ён падзякаваў калектыву за цудоўныя тры гады, а ў адказ атрымаў грамату за «бездакорную шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм і вялікі асабісты ўклад у развіццё прэс-цэнтра».
Дарэчы, душэўныя развітальныя пасты — своеасаблівая фішка Варанюка. Напрыклад, падводзячы вынікі сваіх чатырох гадоў сенатарства, Дзмітрый напісаў, што знайшоў, з кім гуляць у футбол.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», Дзмітрый будзе працаваць намеснікам дырэктара на тэлеканале «Беларусь 24» у структуры Белтэлерадыёкампаніі.
ЕС увёў санкцыі супраць БРСМ, а таксама расійскіх спевакоў Шамана і Паліны Гагарынай