Паўнамаштабная вайна паміж Ізраілем і «Хезбалой» можа пачацца ў бліжэйшы час

Шэраг краін, у тым ліку ЗША і Расія, заклікалі сваіх грамадзян пакінуць альбо не прыязджаць у Ліван, які фактычна знаходзіцца пад кантролем «Хезбалы». 

28.06.2024 / 12:27

Баевікі «Хезбалы». Фота: picture alliance / Contributor Getty Images

Амерыканская выведка канстатуе вельмі высокую рызыку ізраільскага ўварвання ў Ліван з мэтай паўнамаштабнага супрацьстаяння «Хезбале», паведамляе выданне Politico.

Высакапастаўленыя крыніцы выдання ва ўрадзе ЗША прагназуюць, што новая вайна можа пачацца ўжо «ў бліжэйшыя тыдні». 

Ізраіль і «Хезбала» падрыхтавалі баявыя планы і знаходзяцца ў стадыі закупак дадатковага ўзбраення. Абодва бакі, нягледзячы на намаганні адміністрацыі Байдэна па дээскалацыі, хутчэй за ўсё пачнуць вайну, якая можа пацягнуць за сабой гуманітарную катастрофу і прамы ўдзел ЗША.

Прычым некаторыя еўрапейскія разведкі чакаюць пачатку вайны ўжо ў найбліжэйшыя дні», — піша Politico са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў.

Крыніцы адзначаюць, што прадухіліць амаль непазбежную вайну можа толькі пагадненне паміж Ізраілем і тэрарыстычнай групоўкай ХАМАС аб спыненні агню ў сектары Газа і поўнае вызваленне ізраільскіх закладнікаў. Аднак перамовы на дадзеным этапе ідуць складана і наўрад ці будуць паспяховымі.

«Мы прыкладаем намаганні для канчатковага заключэння ўгоды, якая ўсталюе доўгатэрміновы мір у Газе і прадухіліць новую вайну супраць «Хезбалы». Але зараз усё залежыць ад пазіцыі і згоды ХАМАСа», — заяўляюць чыноўнікі.

«Хезбала» (ад араб. «Партыя Алаха») з'яўляецца ліванскай радыкальнай ваенізаванай ісламісцкай групоўкай і адначасова палітычнай партыяй з месцамі ва ўрадзе і ў парламенце Лівана. У многіх краінах свету «Хезбала» прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй (Беларусь не прызнае яе такой, а Расія, Кітай і Іран увогуле называюць групоўку паўнапраўнай палітычнай сілай). Колькасць членаў і прыхільнікаў «Хезбалы» складае дзясяткі тысяч чалавек не толькі ў Ліване, але і ва ўсім свеце. 

Групоўка ўзнікла ў агні ліванскай грамадзянскай вайны 70-90-ых гадоў мінулага стагоддзя у якасці адказу на першае ўварванне Ізраіля ў Ліван і з тых часоў афіцыйна мае мэту татальнага знішчэння яўрэйскай дзяржавы.

Усяго Ізраіль урываўся на тэрыторыю Лівана двойчы. Першы раз — у 1982 годзе, калі Ізраіль ваяваў супраць Арганізацыі вызвалення Палесціны і падчас кампаніі захапіў ліванскую сталіцу Бейрут разам з поўднем краіны. Ізраільская армія канчаткова сышла з Лівана толькі ў 2000 годдзе, а затым праз 7 гадоў паўтарыла ўварванне ўжо супраць «Хезбалы», якое скончылася дзякуючы ўмяшальніцтву ААН.

Ліванская «Хезбала», у адрозненне ад палесцінскай ХАМАС, уяўляе сабой паўнавартасную армію з рознымі родамі войскаў. «Хезбала» мае добра абсталяваную пяхоту, танкі, БМП, РСЗА, сістэмы СПА, беспілотнікі і нават балістычныя ракеты. 

Колькасць баевікоў у «Хезбалы» складае ад 45 да 100 тысяч чалавек, што як мінімум у 3-4 разы перавышае паказчыкі ХАМАС.

Групоўка ў плане фінансаў, рэсурсаў і вайсковай падрыхтоўкі амаль цалкам залежыць ад Ірана, якому дала афіцыйную клятву вернасці (што таксама адрознівае яе ад ХАМАС, які вядзе больш самастойны лад жыцця). 

Моцная сувязь паміж Іранам і «Хезбалой» падмацоўваецца яшчэ і тым фактам, што паміж імі практычна няма ніякіх геаграфічных і палітычных перашкод. Іран можа спакойна і ў любой колькасці пастаўляць рэсурсы «Хезбале» напрамую праз сяброўскія Ірак і Сірыю, дзе існуе вялікая колькасць праіранскіх ваенізаванных груповак.

ХАМАС у сваю чаргу геаграфічна ізаляваны Ізраілем ў Газе і не можа разлічваць на хоць неяк значную падтрымку саюзнікаў.

Ізраіль, сектар Газа (ХАМАС), Ліван і «Хезбала» на мапе. Крыніца: dzen.ru

Крыніца: dzen.ru

«Вера кліча ахвяру». Лукашыстам моцна хочацца, каб на Блізкім Усходзе разгарэлася новая вайна

Ці могуць хусіты цалкам адсекчы сусветны інтэрнэт? Разбіраемся

У чым феномен ХАМАС? У чым іх ідэя і адкуль яны ўзяліся? Расказвае арабіст

Nashaniva.com