Украінку, якая ўцякла ад вайны ў Беларусь, спярша хвалілі ў раёнках, а пасля аддалі пад суд

У Гомельскім абласным судзе судзілі адразу некалькіх аграрыяў з Гомельшчыны. Па справе праходзілі адразу 8 чалавек, і сярод іх — Алена Вітальеўна Хенчанка, якая раней у зводках СМІ фігуравала зусім у іншай якасці, піша выданне «Штодзень».

27.06.2024 / 20:09

У пачатку 2023 года ў акцябрскай і мазырскай раённых газетах «Чырвоны Кастрычнік» і «Жыццё Палесся» выйшлі амаль ідэнтычныя прапагандысцкія матэрыялы пра ўкраінскую сям’ю, якая калісьці, яшчэ ў 2014 годзе, з’ехала з Украіны, калі пачаліся ваенныя дзеянні на Данбасе, у гасцінную і мірную Беларусь. Спачатку ў Петрыкаўскі раён, потым у Калінкавіцкі. А потым сям’я знайшла працу ў Акцябрскім раёне на ферме, дзе мясцовыя ўлады далі ім нават дом.

Пра такія сацыяльныя гарантыі ва Украіне сям’я магла толькі марыць, гаварылася ў прапагандысцкім артыкуле. Лілія Хенчанка стала працаваць на ферме даяркай, яе муж — жывёлаводам, а маці Алена Вітальеўна працавала загадчыцай складу на ферме.

На момант з’яўлення артыкула Алена Вітальеўна Хенчанка ўжо пайшла на пенсію. Аднак неўзабаве жанчына з такімі персанальнымі данымі апынулася на лаве падсудных. Разам з ёй судзілі таксама рознае начальства з сельскагаспадарчага ААТ «Каплічы» Калінкавіцкага раёна — усяго 8 чалавек. Справа тычыцца незаконнага збыту буйной рагатай жывёлы.

Абвінавачаным інкрымінуюцца адразу некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 427 ч. 2 «Службовы падлог», 426 ч. 3 «Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў», 210 ч. 2 «Раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі», 210 ч. 4 «Раскраданне шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».

Крымінальную справу па нелегальным гандлі пачалі пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка у адным з выступленняў папярэдзіў чыноўнікаў пра жалезную дысцыпліну ў аграрным сектары. На момант, калі адкрылі крымінальную справу, некаторыя яе ўдзельнікі былі яшчэ на волі.

Паводле следства, з 2018 па 2020 год было незаконна прададзена 500 кароў. Суд Мазырскага раёна пакараў экс-кіраўніка «Каплічы» і заатэхніка сямі гадамі ўзмоцненага рэжыму, а вось брыгадзіраў фермаў і жывёлаводаў вызвалілі ад пакарання, паколькі скончыўся тэрмін даўніны злачынства.

8 ліпеня гэтую справу ў касацыйным парадку будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

У Генпракуратуры падлічылі ўзровень карупцыі ў краіне

Арыштаванага за хабар топ-менеджара Белчыгункі звольнілі па карупцыйным артыкуле

«Я не антысеміт, але больш за палову яўрэяў». Лукашэнка на антыкарупцыйнай нарадзе супярэчыў сам сабе

МУС пацвердзіла арышт топ-менеджара чыгункі з $3 мільёнамі, а пасля выдаліла навіну з усіх каналаў. Што здарылася?

Nashaniva.com