Пачынаецца суд над братам заснавальніка EPAM. Яму пагражае да 15 гадоў
Сямёна Добкіна і яго намесніка Юрыя Жулаева абвінавачваюць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
28.06.2024 / 08:00
Злева направа: Сямён Добкін, Юрый Жулаеў. Фота: «Наша Ніва», gksb.by
На лаве падсудных апынуліся Сямён Добкін, брат заснавальніка EPAM Аркадзя Добкіна, і ягоны 42-гадовы намеснік Юрый Жулаеў. Яны працавалі ў кампаніі ГКСБ, якая з'яўляецца найбуйнейшай цеплатэхнічнай кампаніяй на тэрыторыі Беларусі.
Кампанія выпускае воданагравальныя і паравыя катлы на вадкім і цвёрдым паліве, гарэлкі, утылізатары, блочна-модульныя кацельні і іншае інжынернае абсталяванне для жыллёва-камунальных гаспадарак, а таксама будаўнічых арганізацый і іншых суб'ектаў сацыяльнага прызначэння.
Абсталяванне, створанае кампаніяй, выкарыстоўваецца на курорце «Сілічы», у Нацыянальнай бібліятэцы і іншых буйных аб'ектах.
«Наша Ніва» паведамляла пра затрыманні ў кампаніі Сямёна Добкіна ў снежні 2023-га.
Суд пачнецца 9 ліпеня 2024 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста. Судзіць іх будзе Дзмітрый Шурын, які замазаўся і ў палітычных справах.
Абодвух мужчынаў вінавацяць па трэцяй, самай сур'ёзнай частцы артыкула 430 КК, «атрыманне хабару». Гэта можа быць як атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, гэтак і арганізаванай групай або асобай, якая займае адказнае становішча. Сутнасць абвінавачання і акалічнасці справы невядомыя.
Ім пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі са штрафам.
Брат Сямёна, заснавальнік EPAM Аркадзь, жыве ў ЗША. Ён не вяртаўся ў Беларусь з таго часу, як Лукашэнка назваў яго «дробкіным» і абвінаваціў у фінансаванні пратэстаў.
Бізнэсмен Сямён Добкін: Я праціўнік інтэграцыі. І трэба адміністратыўна ўкараняць беларускую мову
Кіраўнік EPAM Добкін: Не ведаю, калі гэта ўсё скончыцца. Гэта цяжка зразумець
EPAM не збіраецца сыходзіць з Беларусі, нягледзячы на цяжкасці. Масавых скарачэнняў не плануецца