Беларускі хакеіст падпісаў двухгадовы кантракт з клубам НХЛ

Беларускі хакеіст Уладзіслаў Калячонак падпісаў двухгадовы кантракт з хакейным клубам «Юта», які гуляе ў Нацыянальнай хакейнай лізе. 

26.06.2024 / 22:16

Уладзіслаў Калячонак

Хакейны клуб Нацыянальнай хакейнай лігі «Юта» (былая «Арызона») абвясціў пра падпісанне новага двухгадовага кантракту з беларускім абаронцам Уладзіславам Калячонкам. 

Паводле ўмоваў кантракту гулец атрымае за кожны сезон па $775 тыс., што сумарна складзе крыху больш за $1,5 млн за ўвесь перыяд.

«Юта» — новы клуб НХЛ, які будзе базавацца ў горадзе Солт-Лэйк-Сіці. Каманда стала правапераемніцай «Арызоны», якая замарозіла дзейнасць да 2029 года. Гэты час клубу неабходны для пабудовы новай базы і лядовай арэны.

Раней Калячонак на працягу трох сезонаў выступаў менавіта ў сістэме «Арызоны». За апошнія тры гады ён правёў у Нацыянальнай хакейнай лізе 32 матчы.

Паралельна з гульнёй за «Арызону» ў НХЛ беларус выступаў за «Тусон» у Амерыканскай хакейнай лізе, другой па значнасці ў Паўночнай Амерыцы. Тут за тры сезоны Калячонак правёў 150 матчаў і набраў 48 (13+35) балаў па сістэме «гол + пас».

Апошнім часам хадзілі чуткі пра вяртанне беларуса ў мінскае «Дынама» з-за нерэгулярнай практыкі ў НХЛ, але яны аказаліся непраўдзівымі.

«Фларыда Пантэрз» упершыню ў гісторыі выйграла Кубак Стэнлі

Форвард «Ак Барса» перайшоў у мінскае «Дынама». Кампенсацыя склала мізэрныя грошы ў самым прамым сэнсе

Упершыню ў гісторыі беларускі галкіпер трапіў у заяўку клуба НХЛ

Nashaniva.com