У чацвер у Мінску пачнецца суд па справе архітэктараў

Іх затрымалі падчас аблавы ў лютым.

26.06.2024 / 14:59

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 27 чэрвеня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненні мінскіх архітэктараў, якіх сілавікі затрымалі падчас аблавы ў лютым. Інфармацыя аб гэтым зʼявілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў, піша Радыё Свабода.

Рамана Забелу, Іллю Палонскага, Тацяну Палонскую і Дар’ю Мандзік абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Усіх чатырох раней прызналі палітычнымі вязнямі.

Максімальнае пакаранне паводле артыкула — да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Судзіць архітэктараў будзе Вікторыя Шабуня, даўно вядомая сваімі палітычна матываванымі прысудамі, удзелам у расправе з іншадумцамі.

У лютым сілавікі затрымалі каля 40 архітэктараў і праектантаў, а таксама іх сваякоў, агулам каля 70 чалавек.

Некаторых адпусцілі, некаторых пакаралі арыштам, чатыры чалавекі трапілі пад крымінальны пераслед. Падставай для затрымання, пэўна, стаў фотаздымак з маршаў пратэстаў у 2020 годзе. Тады архітэктары і праектанты ішлі па Менску асобнай калонай.

Nashaniva.com