Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду

«На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмруху», — напісаў ён у фэйсбуку.

26.06.2024 / 12:41

Фота з фэйсбука Валера Кавалеўскага

Намеснік Ціханоўскай Валер Кавалеўскі пакінуў пасаду, пра сваё рашэнне ён паведаміў у фэйсбуку.

«Паважаныя беларускі і беларусы, сёння я прымаю рашэнне аб складанні з сябе абавязкаў намесніка кіраўніцы і прадстаўніка па замежных справах у Аб’яднаным пераходным кабінеце. На гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі», — напісаў ён. 

«За тры з паловай гады маёй працы ў Офісе Святланы Ціханоўскай і ў Аб’яднаным пераходным кабінеце зроблена шмат змястоўнай працы ў знешняй палітыцы і дыпламатыі: усталяванне новых прафесійных сувязяў, адносінаў даверу і супрацы з урадамі і міжнароднымі арганізацыямі, распрацоўка і прасоўванне новых падыходаў да абароны незалежнасці нашай краіны, стварэнне ўнікальных механізмаў міжнароднай супрацы на карысць беларускіх нацыянальных інтарэсаў, інфармаванне дыпламатычных, экспертных і палітычных колаў аб сітуацыі ў Беларусі, узмацненне палітычнага і санкцыйнага ціску, мабілізацыя дапамогі для ўсяго руху, вырашэнне практычных праблем у галіне міграцыі, умацаванне супрацы паміж дэмакратычнымі інстытутамі.

Я ўдзячны Святлане Ціханоўскай за давер і калегам па руху і міжнародным партнёрам за плённую супрацу па гэтых напрамках», — дадаў ён.

«Перакананы, што міжнародная дзейнасць павінна быць толькі дадаткам да працы па дасягненні зменаў у Беларусі. Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнесам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадскімі ініцыятывамі з’яўляецца найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і перспектыўным шляхам дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, усталявання канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання», — рэзюмаваў палітык.

Кавалеўскі пярэчыць Латушку і расказвае, што запавольвае працэс з пашпартам Новай Беларусі

Валер Кавалеўскі пракаментаваў расследаванне БРЦ, датычнае праекта пашпарта Новай Беларусі

Валер Кавалеўскі расказаў, як можна пазбегнуць жалезнай заслоны

Кавалеўскі адказаў на восем гарачых пытанняў пра пашпарт Новай Беларусі

Nashaniva.com