Міс Беларусь назвала ганьбай, што не адказала на пытанне пра аўтара «Паўлінкі»

«Я села ў лужыну ўсім целам», — кажа Элеанора Качалоўская.

26.06.2024 / 09:08

Пераможца конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2023» Элеанора Качалоўская ў эфіры «Беларусь 1» патлумачыла, чаму не змагла адказаць на пытанне пра аўтара п'есы «Паўлінка» ў фінале конкурсу, піша belarus.kp.ru.

— У тую секунду ў мяне проста рухнуў свет. Гэта такая вялікая публічная ганьба.

Яна прызналася, што для яе з'яўляецца загадкай, чаму суддзі конкурсу даравалі ёй момант інтэлектуальнай віктарыны, калі яна не змагла адказаць на пытанне: «Хто напісаў «Паўлінку».

Элеанора дадала, што, з аднаго боку, прыйшло разуменне, што яна скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтва, пісала па «Паўлінцы» тэатральны дзённік.

— І ў нейкую секунду, калі цябе ў лоб пытаюцца найпростае пытанне, якое, як потым пісалі ў каментарах, павінен ведаць кожны беларус, ты падаеш у лужыну, сядаючы ў яе ўсім целам. І адказваеш: «Не ведаю». Вось гэта быў мой адказ.

Яна дадала, што не адказала на пытанне з прычыны звычайнай разгубленасці.

— Напэўна, імгненнае глупства, здранцвенне ад сітуацыі і немагчымасць сабрацца, быць у сабе упэўненай, у сваіх ведах і сказаць: гэта Янка Купала.

Міс Беларусь у інтэрв'ю распавяла пра хейт, з якім сутыкнулася пасля конкурсу.

— Мне трапляліся людзі ў 90% адэкватныя, добрыя, якія, напэўна, больш са станоўчага боку да мяне звярталіся. І літаральна 10% — гэта тыя, хто хацеў выказаць сваё меркаванне. Калі ласка, гэта іх меркаванне, і яны маюць на гэта права. Я не ўспрымала гэта як агрэсію, як хейт.

Качалоўская таксама прызналася, што баялася ў першыя месяцы пасля перамогі ў конкурсе баялася браць у рукі тэлефон і заходзіць у сацыяльныя сеткі.

— Заходзіш у сацыяльную сетку і баішся ўбачыць нейкі гнеўны ліст або агрэсію на бацькоў, на блізкіх людзей. Вось баялася больш, калі закрануць нешта вельмі роднае і блізкае,-прызналася Міс Беларусь — 2023.

Nashaniva.com