У Мінску банкрутуе яшчэ адзін таксапарк, фармальны заснавальнік якога пра яго не ў курсе

Эканамічны суд Мінска адкрыў справу аб банкруцтве перавозчыка таксі ТАА «Першы таксаматорны». У кампаніі доўг амаль у 400 тыс. рублёў і цэлы «букет» парушэнняў. А самае цікавае тое, што яе заснавальнік жыве ў Туркменістане і, як высветлілася, нічога пра перавозчыка ў Беларусі не ведае.

25.06.2024 / 17:35

Згодна з апублікаванымі ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве дакументамі, ТАА «Першы таксаматорны» было зарэгістраванае Мінгарвыканкамам у красавіку 2022-га. Ягоным адзіным заснавальнікам лічыцца грамадзянін Туркменістана Шахімердан Гелдыгурбанаў, які ў Беларусі не жыве.

Калі супрацоўнікі ДФР КДК па Мінскай вобласці і Мінску пачалі вышук уладальніка кампаніі-даўжніка, то яны накіравалі міжнародны запыт у генпракуратуру Туркменістана. А адтуль атрымалі адказ, што названы грамадзянін кіраўніком ТАА «Першы таксаматорны» не з'яўляўся і ніякай інфармацыяй пра дзейнасць фірмы не валодае.

Акрамя таго, высветлілася, што кампанія наогул ніколі не знаходзілася па адрасе, пазначанаму ў рэгістрацыйных дакументах. Уладальнікі будынка (а гэта — Мінскі гарадскі цэнтр нерухочасці) заявілі, што дамову з імі перавозчык не заключаў. Па наяўных звестках, фірма не працуе з 2023 года.

Апошнім часам у Беларусі выпадкі банкруцтва таксапаркаў значна пачасціліся. Нядаўна збанкрутавала кампанія, якая з'яўлялася партнёрам «Яндэкс Go» і не разлічылася прыкладна з 300 кіроўцамі.

Аўтамабілі таксі трэба будзе захоўваць толькі на ахоўных паркінгах. За выкарыстанне ў асабістых мэтах — штраф

Замест Uber у Беларусі з'явіўся Fasten

Што будзе з таксі? Меркаванні перавозчыкаў

Nashaniva.com