Палітолаг, абвінавачаная па справе «аналітыкаў Ціханоўскай», падалася на прытулак у ЗША. Яна распавяла пра сябе 

Палітолаг Кацярына Шмаціна апынулася ў спісе з 20 чалавек, якіх рэжым Лукашэнкі называе «аналітыкамі Святланы Ціханоўскай» і абвінавачвае ў спробах захопу ўлады. 

26.06.2024 / 15:02

Кацярына Шмаціна, адна з абвінавачаных па справе «аналітыкаў Ціханоўскай». Фота прадастаўлена гераіняй выданню Cardinal News

Кацярыне Шмацінай 32 гады, яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, а цяпер жыве ў амерыканскім горадзе Александрыя (прыгарад Вашынгтона — сталіцы ЗША). Яна палітолаг і дактарантка Політэхнічнага ўніверсітэта Вірджыніі. Пра сябе Кацярына расказала амерыканскаму выданню Cardinal News.

У Беларусі яна вывучала права на юрыдычным факульцеце БДУ і не асабліва цікавілася палітыкай унутры краіны. Але падчас вучобы ёй стала бачна, наколькі ідэалагізаванымі былі курсы і як дэканату не падабалася беларуская мова.

«Правы чалавека і некаторыя іншыя курсы былі выключаныя з нашай праграмы. Было шмат людзей, якія рыхтаваліся да таго, каб проста стаць чыноўнікамі, якія не задаюць ніякіх пытанняў прэзідэнту. Мы маглі бачыць гэтую ідэалогію паўсюль. У кожнай групе быў хтосьці, хто працаваў з дэканам, а дэканат працаваў з КДБ.

Калі я падчас вучобы размаўляла па-беларуску, у мяне звычайна не ўзнікала непрыемнасцяў, аднак мяне некалькі разоў выклікалі ў дэканат, дзе спрабавалі пераканаць перайсці на рускую», — успамінала Шмаціна.

Пасля сканчэння БДУ ў 2014-ым Кацярына пайшла працаваць у міжнародную юрыдычную фірму, большасць кліентаў якой знаходзілася ў Еўрасаюзе. Так жанчына ўбачыла, наколькі моцна адрозніваецца еўрапейскае заканадаўства ад беларускага, і таму вырашыла займацца палітыкай. 

Падчас працы ў некалькіх заходніх НДА, атрымання магістарскай ступені па міжнародных адносінах у амерыканскім універсітэце Сірак'юса, а таксама падчас валанцёрства ў Сусветным банку і Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Кацярынай зацікавіліся ў КДБ.

Кацярына Шмаціна. Фота з асабістага архіву палітолага

Асцярогі за асабістую бяспеку ў Шмацінай узмацніліся, калі на ўездзе ў Беларусь быў затрыманы адзін палітычны аналітык, які павінен быў з ёй сустрэцца ў Мінску. Сілавікі пры затрыманні канфіскавалі ў мужчыны тэлефон, у якім была інфармацыя аб запланаванай сустрэчы і кантакт Кацярыны Шмацінай. Яна вырашыла, што трэба з'язджаць з краіны.

«Я правяла ноч у чужым доме і выдаляла ўсе даныя са сваіх прылад, а затым наўмысна ад іх пазбавілася, каб не прыцягваць лішняй увагі пры праходжанні мяжы». 

Кацярына тады адразу зляцела ў Кіеў.

Пасля пераезду за мяжу яна стала працаваць у розных еўрапейскіх аналітычных цэнтрах, напрыклад, у Беларускім цэнтры стратэгічных даследаванняў у Літве. Жанчыну таксама запрашалі выкладаць у Германію і Чэхію, у яе бралі каментары для еўрапейскіх выданняў.

У выніку палітолаг вырашыла пераехаць у ЗША, каб працягнуць кар'еру палітычнага аналітыка, дзе і даведалася пра распачатую ў Беларусі супраць яе і іншых беларускіх аналітыкаў крымінальную справу. Па яе словах, для іх гэта стала сюрпрызам.

«Некаторыя з нас нават не ведалі адзін аднаго на момант абвяшчэння крымінальнай справы, хоць нас і прадставілі як «групу па захопе ўлады». 

Я проста выконвала сваю працу, як палітычны аналітык: пісала артыкулы, праводзіла даследаванні, выкарыстоўвала адкрытыя крыніцы. Але, даведаўшыся аб працэсе, я адчула палёгку, бо раней баялася, што іншыя людзі проста спісвалі мае хваляванні аб пераследу на параною, якую лёгка зблытаць з асцярожнасцю». 

Кацярына расказвае, што ёй, як і іншым фігурантам справы, выдалі дзяржаўных адвакатаў, якія пазбягаюць кантактаў. Яна трапіла таксама ў расійскі вышуковы спіс.

Актывісты, журналісты, палітыкі, добраахвотнікі. Каго з беларусаў абвясцілі ў вышук у Расіі

Цяпер Шмаціна падала заяву на атрыманне палітычнага прытулку ў ЗША.

***

Нагадаем, 31 мая ў Мінскім абласным судзе ў фармаце спецвытворчасці пачаўся разгляд крымінальнай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай».

Абвінавачваюць адразу 20 чалавек: Аляксандра Дабравольскага, Рыгора Астапеню, Філіпа Біканава, Юрыя Дракахруста, Андрэя Казакевіча, Ганну Красуліну, Яўгена Крыжаноўскага, Дзяніса Кучынскага, Вераніку Лапуцька, Аляксандра Лагвінца, Ганну Любакову, Васіля Навумава, Марыю Рогаву, Пятра Рудкоўскага, Алесю Руднік, Наталлю Рабаву, Паўла Усава, Таццяну Чуліцкую, Аляксандра Шлыка, Кацярыну Шмаціну.

20 фігурантаў справы «аналітыкаў Ціханоўскай». Фоты: Следчы камітэт

Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачваюць у здзяйсненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» ў час выбараў-2020 і пасля іх:

Акрамя таго, Аляксандра Дабравольскага абвінавачваюць у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Усе абвінавачаныя пакінулі Беларусь, іх маёмасць у краіне была арыштаваная.

Мы лічым гэтую «справу» працягам бесперапыннай атакі супраць беларускай незалежнай аналітычнай, экспертнай і журналісцкай супольнасці з боку беларускіх уладаў. А таксама звяртаем увагу на тое, што абвінавачваць экспертаў і журналістаў у спробах захопу ўлады і экстрэмізме — гэта абсурд», — выступілі з заявай абвінавачаныя аналітыкі.

«Перамога ў Беларусі ў 2020-м годзе мела б вялікі палітычны ўплыў на астатнюю Еўропу» — Эн Эплбаўм

Натарыусаў будуць пазбаўляць ліцэнзій за падпіскі і рэпосты. Ім забаранілі каментаваць працу дзяржорганаў у інтэрнэце

Давыдзька, Ананіч, Піневіч. Дзе цяпер збітыя лётчыкі лукашэнкаўскай наменклатуры?

Nashaniva.com