Натарыусаў будуць пазбаўляць ліцэнзій за падпіскі і рэпосты. Ім забаранілі каментаваць працу дзяржорганаў у інтэрнэце
Забарона закладзена ў новай версіі этычнага кодэкса.
25.06.2024 / 13:21
Фота: КП
Беларускім натарыусам больш нельга абмяркоўваць у інтэрнэце калег і рашэнні дзяржаўных органаў. Гэтая забарона закладзена ў Правілах прафесійнай этыкі натарыуса, якія былі зацверджаны Мінюстам.
Так, натарыусы цяпер абавязаныя «ўстрымлівацца ад абмеркавання, у тым ліку з дапамогай каментароў, ацэнак у інтэрнэце, дзеянняў сваіх калегаў, а таксама адвакатаў, суддзяў, пракурораў, дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб».
Акрамя таго, натарыусам нельга ад імя натарыяльнай супольнасці выступаць у СМІ, публікаваць у сацыяльных сетках інфармацыю па пытаннях прафесійнай дзейнасці без даручэння або згоды натарыяльнай палаты.
Натарыусаў цяпер будуць пазбаўляць ліцэнзіі за падпіскі на рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі, рэпосты такіх матэрыялаў, а таксама за «ўдзел у любым выглядзе дзейнасці, накіраваным на дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, органаў дзяржаўнай улады і кіравання».
Новыя этычныя нормы ўступаюць у сілу 11 ліпеня.