Мінчук разбіў шкло на прыпынку. Цяпер ён павінен выплаціць велізарную суму

Ён таксама атрымаў крымінальную справу.

25.06.2024 / 11:56

Фота: міліцыя Мінска

Мужчына сядзеў на прыпынку грамадскага транспарту ў Мінску. У нейкі момант ён махнуў рукой і разбіў шкло.

Пра гэты ўчынак 54-гадовага мінчука відавочцы паведамілі ў міліцыю. Мужчыну затрымалі. Ён патлумачыў, што быў п'яны і размаўляў па тэлефоне. А потым трапіў рукой у шкло і разбіў яго. Кошт шкла ацэньваецца ў 80 рублёў.

У дачыненні да мінчука распачатая крымінальная справа аб хуліганстве. Акрамя таго, з яго спагоняць 8000 рублёў — пакрыццё шкоды ў сторазовым памеры.

Nashaniva.com