У Іспаніі вызвалілі з рабства беларусак

Усяго вызвалілі 14 украінак і беларусак.

25.06.2024 / 08:59

Ілюстрацыйнае фота

Паліцыя Іспаніі сумесна з Еўрапалам правяла аперацыю па ліквідацыі злачыннай групы, якая займалася гандлем людзьмі ў мэтах сэксуальнай эксплуатацыі. Ахвярамі аказаліся пераважна ўкраінкі, а таксама некалькі беларусак, паведамляе тэлеканал «Беларусь 1».

Як сказана на сайце Еўраапала, усяго вызвалілі 14 дзяўчат. Іх завабілі абяцаннямі аформіць для іх візы бежанцаў, фінансавую падтрымку і працу.

Злачынная групоўка дзейнічала з 2020 года. Ахвяр вербавалі анлайн, у асноўным праз сацыяльныя сеткі, прадстаўляючыся менеджарамі кадравага агенцтва. Дзяўчатам абяцалі працу хостэс і абслуговага персаналу. Але ў выніку яны аказваліся ў клубе горада Эль-Эхіда ў іспанскай правінцыі Альмерыя.

Арыштаваныя пяць чалавек, уключаючы меркаванага лідара групоўкі. Гаворка ідзе пра грамадзян Іспаніі, Расіі і Украіны. Ім выстаўленыя абвінавачаньні, у тым ліку ў злачынствах, зьвязаных зь незаконнай прастытуцыяй і парушэньнем правоў замежных грамадзян.

Nashaniva.com