У Мінск прыляцеў Сяргей Лаўроў

Візіт кіраўніка МЗС РФ прымеркаваны да 32-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі

24.06.2024 / 15:40

Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў прыбыў з двухдзённым афіцыйным візітам у Беларусь. Самалёт кіраўніка расійскай дыпламатыі прызямліўся ў аэрапорце Мінска, піша ТАСС.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава адзначала, што візіт прымеркаваны да 32-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі.

Паводле слоў дыпламата, праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы Лаўрова з Аляксандрам Лукашэнкам, старшынямі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Наталляй Качанавай і Ігарам Сяргеенкам. Акрамя таго, кіраўнік МЗС РФ правядзе перамовы з беларускім калегам Сяргеем Алейнікам.

Чакаецца, што Лаўроў ускладзе вянок да манумента Перамогі і выступіць перад слухачамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання.

Nashaniva.com