СБУ затрымала ўкраінскага памежніка, які перадаваў Расіі інфармацыю пра мяжу з Беларуссю

Кантрактнік супрацоўнічаў з расійскімі спецслужбамі.

24.06.2024 / 15:11

Фота: СБУ

Служба бяспекі Украіны абвясціла пра затрыманне расійскага агента, які збіраў інфармацыю пра ўкраінскія войскі і ўмацаванні на мяжы з Беларуссю.

Затрыманы — украінскі памежнік-кантрактнік, ён служыў камандзірам аддзялення ў адным з атрадаў на паўночнай мяжы. Паводле звестак контрразведкі, памежнік быў завербаваны спецслужбамі Расіі.

Агент па заданні куратараў высвятляў лакацыі ўмацаваных раёнаў і меркаваную колькасць украінскіх войскаў, якія абараняюць памежжа з Беларуссю. Таксама ён спрабаваў паведаміць каардынаты складоў з узбраеннем і боепрыпасамі УСУ на тэрыторыі рэгіёну.

Паводле звестак контрразведкі, куратары абяцалі эвакуяваць агента і працаўладкаваць яго ў расейскім падраздзяленні.

Паводле звестак следства, фігурант быў дыстанцыйна завербаваны супрацоўнікам ФСБ Аляксеем Дабрыцкім, які дыслакуецца ў акупаваным Луганску. Кантрактнік трапіў у поле зроку расейскіх спецслужбаў, калі праходзіў службу на ўсходзе Украіны. Пасля яго перавялі ў адно з падраздзяленняў пагранічнага атрада ў Валынскай вобласці.

Для камунікацыі агент і ягоны расійскі куратар выкарыстоўвалі ананімны чат у месенджары. Падчас ператрусу ў доме і на працоўным месцы затрыманага канфіскаваны мабільны тэлефон і кампутар, якія ён выкарыстаў для камунікацыі з куратарам.

Затрыманаму агенту паведамілі пра падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе. Ён знаходзіцца пад вартай, яму пагражае пажыццёвае зняволенне.

Nashaniva.com