ЕС увёў санкцыі супраць Беларускага саюза моладзі, Паліны Гагарынай, Шамана і не толькі

Рада ЕС зацвердзіла 14-ы пакет санкцый супраць Расіі. У ім — пашыраныя персанальныя абмежаванні, пад якія трапілі 116 фізічных асоб і арганізацый.

24.06.2024 / 13:33

 

У 14-ыс пакет ЕС уключыў Беларускі саюз моладзі за садзейнічанне ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з незаконна акупаваных тэрыторый, а таксама яго лідара Аляксандра Лук'янава персанальна. 

Таксама ў санкцыйны спіс уключылі спявачку Паліну Гагарыну, спевака Шамана (Яраслаў Дронаў), акцёра Івана Ахлабысціна. 

Акрамя таго, у спіс ўвайшоў міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк», «Уральскія авіялініі», фонд імя Кадырава, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, галоўнакамандуючы ВМФ Расіі адмірал Аляксандр Майсееў. 

Таксама ўведзеныя абмежаванні ў дачыненні да так званага «ценявога» расійскага флоту, пад іх трапілі 27 судоў. 

ЕС у новым пакеце санкцый забараніў СМІ, партыям і аналітычным арганізацыям ЕС прымаць фінансаванне з расійскіх крыніц. 

Разам з гэтым Брусэль увёў санкцыі супраць кампаній з Кітая, Казахстана, Кіргізіі, Турцыі і ААЭ за абыход абмежаванняў у дачыненні да Масквы.

 

Nashaniva.com