Аляксандр Вальфовіч: Мігранты ідуць — іх не спыніш

Дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч у інтэрв’ю «Беларусь 1» выказаў сваё бачанне сітуацыі на беларуска-польскай мяжы.

24.06.2024 / 08:20

Аляксандр Вальфовіч адмаўляе дачыненне беларускіх уладаў да спробаў сілавога прарыву польскай мяжы.

«Вядома, тое, што сёння адбываецца на польскай мяжы, і абвінавачванні Беларусі ў падштурхванні, скажам так, мігрантаў, каб яны наносілі шкоду польскаму боку — беларускі бок ніякіх крокаў не робіць. Мы ахоўваем сваю мяжу. Але мігранты яны ёсць, ідуць — іх не спыніш. Гэта людзі, якія нацэлены на добрае жыццё, жыццё на Захадзе, пра якое Захад пастаянна расказвае», — зазначыў ён.

28 траўня мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, ударыў нажом польскага жаўнера. 6 чэрвеня 21-гадовы памежнік Матэвуш Сітак памёр у шпіталі. Вальфовіч нічога не сказаў пра забойства польскага жаўнера.

Мігранцкі крызіс узнік у 2021 годзе. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Еўрасаюза, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».

Nashaniva.com