Напады ў Дагестане: прынамсі 20 загінулых, 5 нападнікаў забітыя

У рэспубліцы быў уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, баі ў абодвух гарадах працягваліся да позняга вечара.

24.06.2024 / 07:35

Штурм царквы ў Махачкале, 23 чэрвеня 2024 года. Скрын відэа з сацсетак

Прынамсі 20 чалавек, у тым ліку 17 сілавікоў, загінулі ў выніку нападу на праваслаўныя храмы, сінагогі і пост ДПС у дагестанскіх Дэрбенце і Махачкале ў нядзелю, піша Бі-бі-сі.

Каля 23:00 Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт паведаміў, што ў Дэрбенце актыўная фаза спецаперацыі завершана. Уначы ў НАК заявілі, што падчас аперацыі былі забітыя пяцёра нападнікаў.

«У выніку праведзенага ў Дэрбенце баявога мерапрыемства нейтралізаваныя двое бандытаў, у Махачкале — трое бандытаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней паведамлялася пра забойства шасцярых баевікоў — чатырох у Махачкале, а таксама двух у Дэрбенце. Кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў таксама пацвердзіў звесткі аб шасці забітых нападніках.

Пры гэтым дакладная колькасць нападнікаў па-ранейшаму невядомая. У НАК паведамілі, што шукаюць памагатых баевікоў.

Паведамленні аб стральбе ў Дэрбенце і Махачкале пачалі з'яўляцца бліжэй да вечара нядзелі.

У Дэрбенце невядомыя напалі на храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы на вуліцы Леніна і сінагогу Келе-Нумаз на вуліцы Тагі-Задэ.

Нападнікі абстралялі царкву і сінагогу з аўтаматаў, паведамілі ў МУС. У сінагозе ў выніку нападу пачаўся пажар.

У Расійскім габрэйскім кангрэсе ўдакладнілі, што напад на сінагогу ў Дэрбенце быў здзейснены незадоўга да вячэрняй малітвы.

Адначасова невядомыя адкрылі стральбу ў Махачкале. Там абстрэлу падвергнуўся пост ДПС на вуліцы Ярмошкіна, а таксама сінагога, якая знаходзіцца непадалёк.

Таксама адбылася перастрэлка побач са Свята-Успенскім кафедральным саборам на вуліцы Арджанікідзэ.

Падчас нападу ў царкве забарыкадаваліся 19 чалавек — святары і прыхаджане. Пазней іх вывелі супрацоўнікі МУС.

Паведамлялася таксама аб стральбе ў сяле Сергакала, якое размешчана за 65 км на поўдзень ад Махачкалы.

Там невядомыя абстралялі паліцэйскую машыну, у выніку ранення атрымаў адзін з супрацоўнікаў.

МУС Расіі першапачаткова паведамілі пра гібель прынамсі шасці паліцэйскіх.

Пазней стала вядома, што ў Дэрбенце таксама атрымаў цяжкія раненні начальнік аддзела паліцыі горада дагестанскія агні, які прыбыў на дапамогу калегам. Пасля ён памёр.

У выніку нападу на царкву ў Дэрбенце быў забіты протаіерэй Мікалай Кацельнікаў і вартаўнік царквы.

Паводле звестак РПЦ, Кацельнікаў служыў больш за 40 гадоў. У ГНК Дагестана паведамілі, што святару перарэзалі горла.

Аб асобах забітых нападнікаў афіцыйна не паведамляецца. Па даных крыніц расійскіх СМІ, трое з чацвярых забітых баевікоў былі апазнаныя як сыны і пляменнік кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана.

Кіраўнік Сергакалінскага раёна Магамед Амараў быў затрыманы і адпраўлены на допыт, паведаміла РІА Навіны крыніца ў сілавых структурах.

«Магамед Амараў затрыманы і знаходзіцца на допыце, папярэдне, сярод баевікоў, якія ўчынілі тэракты, былі яго сыны», — сказаў суразмоўца агенцтва.

У ноч на панядзелак стала вядома, што Амарава выключылі з «Адзінай Расіі».

У Дагестане застрэлілі восем паліцэйскіх і перарэзалі горла праваслаўнаму святару

Дэпутат расійскай Дзярждумы паспяшаўся абвінаваціць Украіну і НАТА ў тэрактах у Дагестане. Яго нечакана прысароміў Рагозін

Nashaniva.com