У Дагестане застрэлілі паліцэйскіх і перарэзалі горла праваслаўнаму святару

абнаўляецца

На поўдні Расіі невядомыя напалі на пасты паліцыі, праваслаўны храм і сінагогу.

23.06.2024 / 19:58

Перастрэлка ў Махачкале. Скрын відэа з сацсетак

Здарылася гэта ў горадзе Дэрбенце, паведамляе ўпраўленне МУС па Дагестане. 

Паводле папярэдніх звестак, пры нападзе на царкву ў Дэрбенце забітыя святар і ахоўнік царквы.

«Па інфармацыі, якая паступіла мне, айца Мікалая ў царкве ў Дэрбенце забілі, перарэзалі горла. 66 гадоў яму было, вельмі хварэў. Ахоўніка Міхаіла ў царкве Махачкалы, узброенага толькі газавым пісталетам, расстралялі. Святары замкнуліся ў царкве, чакаюць дапамогі», — напісаў у тэлеграм-канале кіраўнік грамадскай назіральнай камісіі Дагестана Шаміль Хадулаеў.

Па даных МУС Дагестана, у ходзе ўзброенага нападу на Дэрбент і Махачкалу загінулі 8 супрацоўнікаў паліцыі і 23 атрымалі раненні. Злачынцы нападалі на цэрквы і сінагогі і распраўляліся з паліцыянтамі.

МУС Дагестана паведаміла, што чацвёра баевікоў забітыя ў Махачкале.

У Махачкале ідзе бой з баевікамі, якія заселі ў царкве.

Штурм царквы ў Махачкале. Скрын відэа з сацсетак

У рэгіёне ўвялі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. У Дэрбенце выстаўлены блокпасты. Мясцовыя тэлеграм-каналы паведамляюць, што адна з груп нападнікаў забарыкадавалася ў будынку на тэрыторыі горада.

Кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана Магамеда Амарава даставілі ў паліцэйскі ўчастак, пасля таго як яго сыны Асман і Адылаў апынуліся сярод баевікоў, якія ўдзельнічалі ў баях у Дагестане, піша канал «ВЧК-ОГПУ». Іх забілі.

Па шляху машыну, у якой быў Амараў, абстралялі. Цяпер у Сергакале ідзе бой.

Мінімум шэсць баевікоў былі забітыя ў Дагестане пад час контртэрарыстычнай аперацыі, піша агенцтва РІА Навіны са спасылкай на сілавыя структуры.

Nashaniva.com