Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк правяла 70 дзён у ШІЗА з пачатку года
Цяпер яна ў СІЗА чакае новага суда. «Яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць».
23.06.2024 / 19:15
Паліна Шарэнда-Панасюк у калоніі ў Рэчыцы. Скрын відэа БТ
Навіны пра палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк паведаміў яе муж.
«Апошнія месяцы для Паліны былі асабліва цяжкімі. Толькі за першыя пяць месяцаў гэтага года ў калоніі яе 70 дзён трымалі ў штрафным ізалятары. Фізічны і маральны ціск. Паўгода поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Мы нават і блізка не ведаем, чым Паліне пагражалі, што з ёй рабілі, каб зняць тое прапагандысцкае відэа. І ілжывыя абяцанні, што яна зможа пабачыць сваіх дзяцей, якіх не бачыла тры з паловай года.
І ўрэшце, як удар пад дых, новая крымінальная справа і новы этап. Мы не ведаем, што з Палінай здарылася ў траўні ў калоніі перад этапам, але ў СІЗА яна прыехала амаль без рэчаў. Магчыма, ёй сказалі, што вязуць вызваляць», — напісаў Андрэй Шарэнда ў фэйсбуку.
Паліна — актывістка з Брэста. Яе затрымалі ў студзені 2021 года. Спачатку яе асудзілі на два года калоніі паводле артыкулаў пра абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады і гвалт альбо пагрозу гвалтам міліцыянту (артыкулы 369, 368 і 364 КК). А пасля двойчы працягвалі тэрмін — заводзілі справы па артыкуле аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі (артыкул 411 КК).
Паліна павінна была выйсці з калоніі 21 мая 2024 года, але на яе завялі новую справу, нягледзячы на тое, што жанчына пагадзілася зняцца ў фільме для дзяржТБ.
«Псіхалагічны стан вельмі складаны». З'явіліся навіны пра палітзняволеную Шарэнду-Панасюк
На Паліну Шарэнду-Панасюк зноў завялі крымінальную справу за непадпарадкаванні адміністрацыі
Праз дзень пасля заявы камітэта ААН пра Паліну Шарэнду-Панасюк на БТ паказалі палітзняволеную
Палітзняволеная Шарэнда-Панасюк у эфіры БТ: Мая краіна самая лепшая