Якімі кватэрамі і аўто валодае бізнэсмен Аляксей Алексін, набліжаны да Лукашэнкі

Бізнэсмена Аляксея Алексіна лічаць гаманцом Лукашэнкі. «Люстэрка» з дапамогай каманды «Кіберпартызаны» праверыла, якая маёмасць лічылася за сям'ёй Алексіна на сярэдзіну 2021 года. 

23.06.2024 / 18:15

Аляксей Алексін падчас пасяджэння беларуска-расійскага Дзелавога савета, Мінск, 18 студзеня 2019 года. Фота: TUT.BY

Сям'і Алексіна належаць «Белнафтагаз», «Энерга-Оіл», якая працуе ў гатэльна-рэстаранным бізнэсе, аптовым і раздробным гандлі тытунёвых вырабаў. У 2018 годзе яго кампаніі «інтэр Табака» быў выдзелены ўчастак зямлі пад Мінскам для будаўніцтва тытунёвай фабрыкі, для гэтага Лукашэнка асабіста загадаў перасунуць мяжу сталіцы. Кампаніі бізнэсмена было прадастаўлена манапольнае права на імпарт у Беларусь тытунёвай сыравіны. Адзін з гучных праектаў бізнэсмена — сетка «Табакерка».

Алексін з'яўляецца саўладальнікам буйнога лагістычнага аператара Bremino Group, які патрапіў пад санкцыі.

Нерухомасць сям'і бізнэсмена

Як піша «Люстэрка», Аляксей Алексін валодаў і быў зарэгістраваны ў Мінску, у доме №43 па вуліцы Лынькова, у кватэры плошчай 67 м². Гэта нічым не характэрная панэльная дзевяціпавярхоўка, пабудаваная ў 1978 годзе. Сумнеўна, што ў гэтай кватэры пражывае бізнэсмен, мабыць, там ён проста лічыцца.

Непадалёк ад гэтага дома, на вуліцы Масюкоўшчына, 56B, размяшчаецца гараж з ямай і склепам, яго плошча — 23 м². Будынак таксама «вісіць» на Алексіне. У гэтых двух аб'ектаў ёсць яшчэ адзін саўладальнік — 61-гадовая Святлана Герасім.

На імя Алексіна таксама была зарэгістраваная кватэра ў Драздах, на вуліцы Піянерскай, 32. Жыллё займае плошчу 119 «квадратаў». У гэтым жа доме за бізнэсменам лічыцца «памяшканне транспартнага прызначэння» № 3Н. Мабыць, гэта паркінг, агульная яго плошча амаль 1300 «квадратаў», акрамя бізнэсмена, адзначаны яшчэ 13 уладальнікаў гэтага памяшкання.

Дом 32 на вуліцы Піянерскай у Мінску. Фота: Яндэкс. Карты

На праспекце Пераможцаў, 133, у Алексіна мелася кватэра ў 173 «квадраты», а таксама два машына-месцы ў падземным паркінгу. Гэты дом быў пабудаваны ў 2015 годзе, ён размешчаны насупраць вадасховішча Дразды. Цяпер там прадаюць 15 кватэр рознай плошчы, іх кошт у залежнасці ад стану вар'іруецца ад 86 000 даляраў (гэта аднапакаёўка плошчай 39,4 м²) да 350 000 даляраў (трохпакаёвая кватэра плошчай 111,2 м²).

Дом № 133 на праспекце Пераможцаў у Мінску. Фота: Яндэкс. Карты

Алексін — уладальнік кватэры ў прыватным доме № 40 на вуліцы Ратамскай у Мінску — гэта побач з праспектам Пераможцаў, тэрыторыя ўчастка ўшчыльную прымыкае да заказніка «Лебядзіны». Нерухомасць займае плошчу ў 276 м², а ўчастак пад ім — 0, 0649 га.

Від на невялікую катэджных забудову на вуліцы Ратамскай, дзе знаходзіцца жыллё Алексіна. Фота: realt.by

А вось дом з кватэрай Алексіна на этапе будаўніцтва. Фота: ksexpert.by

За ўплывовым бізнэсменам таксама лічыўся ўчастак плошчай 3,8006 га ў аграгарадку Сёмкава каля Мінска, які размешчаны на беразе Мінскага мора. Ён прызначаны для будаўніцтва сядзібы «Радавое гняздо».

58-гадовая расіянка Іна Алексіна, жонка Аляксея, таксама мае сваю нерухомасць. Гэта кватэра плошчай у 123 м² у тым жа доме № 32 на вуліцы Піянерскай у Мінску, дзе ёсць жыллё і ў яе мужа (нерухомасць знаходзіцца побач).

Таксама за жанчынай лічылася кватэра ва Уруччы, на вуліцы Шугаева, 19 (там жа быў прапісаны малодшы сын Віталь). Гэта панэльная дзевяціпавярхоўка, пабудаваная ў 1987 годзе.

Дзеці Алексіных — 37-гадовы Дзмітрый і 26-гадовы Віталь — валодаюць аднакватэрным домам № 8 на вуліцы Лугавой у аграгарадку Сёмкава (там жа, дзе бацька задумаў пабудаваць «Радавое гняздо»). Плошча жылля — 655 м².

Дом № 20 у завулку Балотным, вёска Цнянка. Фота: Яндэкс. Карты

Таксама Дзмітрыю належаў дом № 20 у завулку Балотным у вёсцы Цнянцы, яго плошча — 474 «квадраты», а таксама меўся ўчастак 0,25 га. Мужчына быў уладальнікам адміністрацыйных і гандлёвых памяшканняў у Гродне, на вуліцы Леніна, 5.

А што па транспарце?

Алексін, згодна з базай «Кіберпартызанаў» з'яўляецца уладальнікам наступных аўто: пазадарожнік Audi Q7 2019 г.в. (цяпер аўто такога года прадаюць ад 39 000 да 84 900 даляраў), электрамабіль Tesla Model X 2018 г.в. (кошт на такую мадэль даходзіць да 39 900 даляраў). Таксама ў бізнэсмена былі Мінівэн Mercedes-Benz V 250 2017 г.в., два пазадарожнікі Land Rover і Range Rover 2016 і 2017 г.в., пазадарожнік Cadillac Escalade 2002 г.в., матацыкл Harley-Davidson 2015 г.в. Самы незвычайны і рэдкі аўтамабіль — Ford Zimmer 1983 г.в.

Ford Zimmer 1983 г. в. Фота: classiccarsofsarasota.com

Старэйшы сын бізнэсмена, Дзмітрый Алексін, мабыць, прыхільнік брэнда Mercedes-Benz. Ён быў пазначаны як уладальнік чатырох мадэляў гэтага аўтабрэнда: S 550 2011 г.в.і двух S 500 — 2016 і 2002 гадоў выпуску. Таксама ў яго быў Mitsubishi Pajero 2002 г.в.

У малодшага сына Алега быў Mercedes AMG GT 43 2019 г.в. і Jeep Wrangler 2010 г.в.

Мабыць, у мужчын з сям'і Алексіна ёсць цяга да «прыгожых» нумароў з паўтаральнымі лічбамі, а таксама да нулёў і сямёрак: практычна на ўсіх іх аўто былі рэгістрацыйныя нумары са спалучэннямі гэтых лічбаў. Напрыклад, на транспарце Алексіна-старэйшага яны былі такія: 0007 ХН7, 0707 ВА7, 0007 IT7, 0007 НН7, 0007 AI7 і іншыя аналагічныя.

Nashaniva.com