У Беларусі трох чалавек абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на расійскай чыгунцы

ГУБАЗіК паведаміў пра затрыманне жыхара Брэста і двух расіянаў, якіх затрымалі за спробу рабавання дома бізнэсоўца, але па выніку абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на расійскай чыгунцы. Гэта паказалі ў сюжэце «Беларусь 1», піша «Белсат».

22.06.2024 / 10:57

Ілюстрацыйнае фота

У сюжэце паказалі фрагмент паказанняў затрыманага мінулай восенню 37-гадовага жыхара Брэста, які нібыта падпісаў здзелку са следствам. На ім ён кажа, што ў 2013 годзе займаўся перавозкай тавараў ва Украіну, дзе і пазнаёміўся з грамадзянінам гэтай краіны, які пазней стаў «куратарам украінскіх спецслужбаў».

Прадстаўнік Следчага камітэту Беларусі Дзяніс Азаранка заявіў, што затрыманы нібыта пазнаёміўся з двума жыхарамі Расеі і дамовіўся з імі выконваць заданні ўкраінскіх спецслужбаў.

У сюжэце БТ сцвярджаецца, што берасцеец і расейцы вырашылі наладзіць серыю тэрактаў на расійскай чыгунцы. У ліпені яны накіраваліся ў Бранск, дзе знайшлі схованку, але ў ёй былі муляжы, паколькі яе да гэтага знайшлі спецслужбы.

Затрымалі іх чамусьці не падчас ускрыцця схованкі, а пазней, падчас спробы рабавання дома бізнесмена.

У сюжэце БТ заявілі, што берасцеец абвінавачваецца па пяці артыкулах КК Беларусі, «у тым ліку разбой і тэрарызм».

Інфармацыю пра абвінавачванні на адрас расейцаў не агучвалі нібыта «у інтарэсах следства».

Беларускія «рэйкавыя партызаны» актыўна дзейнічалі ў пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі з Беларусі на Кіеў ішлі расейскія войскі. Але «рэйкавыя партызаны» тады не падрывалі ўласна рэйкі, а псавалі тэхніку без чалавечых ахвяраў.

Nashaniva.com